Прыгоды мядзведзя-дэсантніка – у рэдакцыі «Белсату» (Фотарэпартаж)


Баец-рэзервіст «плюшавага дэсанту» будзе адмысловым госцем у сённяшнім выданні «Аб’ектыву».

Шведскі пілот Томас Мазэці, які ў ліпені скінуў плюшавых «дэсантнікаў» ля Менску, павіншаваў наш тэлеканал з Новым годам. Ён даслаў нам арыгінальнага плюшавага мядзведзіка, падрыхтаванага да змагання за правы чалавека ў Беларусі.

Як высветлілася, ля Менску высадзіліся не ўсе «дэсантнікі», а толькі 800. Яшчэ 200 засталіся ў рэзерве. Адзін з рэзервістаў з сертыфікатам баяздольнасці апынуўся ў рэдакцыі «Белсату». Сертыфікат падпісаны аўтарам «плюшавага дэсанту», кіраўніком шведскай рэкламнай кампаніі «Studio Total» Пэрам Кромўэлам і ягоным калегам Томасам Мазэці.

Да пасылкі з мядзведзікам Томас, Лінда, Ганна і Пэр далучылі віншавальны ліст. У ім яны яшчэ раз узгадалі, як рыхтавалі і рэалізоўвалі свой смелы праект, ды распавялі колькі цікавых падрабязнасцяў.

“Спачатку хацелі скрасці Лукашэнку”

Паводле аўтараў, іхныя беларускія сябры (у тэксце фігуруюць пад псеўданімамі Сяргей і Дар’я), якія настойліва прасілі зрабіць так, каб пра Беларусь загаварыў увесь свет, не мелі грошай. Таму шведам давялося арганізоўваць «плюшавы дэсант» за ўласныя грошы.

Гэтаму папярэднічалі доўгія пошукі ідэі. Як варыянт – скрасці Аляксандра Лукашэнку і навучыць яго добрым манерам. Але рэкламнае агенцтва «Studio Total» – мірная ўстанова, таму спыніліся на мядзведзіках, пастанавіўшы не ўчыняць гвалту. На дэсант шведаў натхніў сваймі «цацачнымі мітынгамі» актывіст моладзевага крыла «Гавары праўду!» Павел Вінаградаў.

“Пад крэслы самалёта ўставілі металёвыя “талеркі”

Знайсці пілотаў для рызыкоўнага падарожжа ў Беларусь працаўнікам «Studio Total» не ўдалося: усе меркавалі, што супрацьпаветраная абарона ў нашай краіне – адная з самых моцных у Еўропе. Тады ім давялося атрымаць ліцэнзіі пілотаў. Шведы пішуць, што пад крэслы старога самалёта, які шведы набылі за свае грошы і перарабілі, яны ўставілі металёвыя «талеркі» – на выпадак, калі б магутная супрацьпаветраная абарона спрацавала ў выглядзе стрэлаў. І, са спадзяваннем на шведскую прымаўку пра тое, што Бог мае слабасць да шаленцаў, рушылі ў дарогу.

Наколькі ўзрасла папулярнасць Беларусі?

Да сённяшняга дня пра «плюшавы дэсант» у Беларусі журналісты з усяго свету напісалі болей за 5 тыс артыкулаў. Пошукавік «Ґуґл» («Google») на запыт «Teddy Bears» + «Belarus» выдае болей за 1,2 млн вынікаў. Адмысловыя рэпартажы гэтай падзеі прысвяцілі адныя з найбольш уплывовых тэлекампаніяў свету – Бі-Бі-Сі (BBC) i «Аль-Джазійра» («Al Jazeera»).

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў