Плата за «перадвыбарны росквіт»


Павышэнне заробкаў і пенсіяў, утрыманне высокага курсу беларускага рубля, стрымліванне росту коштаў на тавары – гэтыя перадвыбарчыя спробы залагодзіць беларусаў могуць дорага каштаваць бюджэту.

“Беларускім ўладам у сённяшняй сітуацыі застаецца займацца або распродажам “фамільнага срэбра”, або набіраць крэдыты, або траціць золата-валютныя рэзервы, – мяркуе эканаміст Сяргей Чалы. – Улічваючы амбіцыйныя прыватызацыйныя планы на гэты год, варта чакаць продажу буйных пакетаў акцыяў асноўных прадпрыемстваў менавіта дзеля таго, каб некаторы час пражыць”.

Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што зменшыліся золата-валютныя рэзервы, а таксама прымаюцца адміністрацыйныя захады: у прыватнасці забаранілі авансаванне імпарту коштам банкаў-рэзідэнтаў. Гэта мае прыпыніць вывад сродкаў у валюце за межы Беларусі. Тым часам шараговыя беларусы, карыстаючыся з моманту, калі даходы адносна высокія, а курс рубля штучна ўтрымліваецца, пераводзяць свае ашчаджэнні ў цвёрдую валюту. Паводле Сяргея Чалага, беларусы штомесяц пераводзяць у замежную валюту суму, эквівалентную $ 500 млн. “Мы сталіся закладнікамі абсалютна безадказнай палітыкі нарошчвання даходаў, якой эканоміка не вытрымлівае”, – падкрэсліў Сяргей Чалы ў інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

“Фактычна супраць грашовых уладаў працуюць адразу тры тэндэнцыі: спажывецкія паводзіны насельніцтва, што вельмі актыўна павышаныя заробкі пераводзіць у валюту; ціск адмоўнага гандлёвага балансу, што расце не па днях, а па гадзінах; а таксама адток капіталу, які ўскосна звязаны з палітычнымі падзеямі”, – зазначыў эксперт. Сяргей Чалы таксама падкрэсліў, што выпраўляць сітуацыю рыначнымі метадамі дзяржава наўрад ці будзе, бо гэта азначала б змяншэнне даходаў насельніцтва.

belsat.eu
https://youtu.be/NFpaNC5sRDk

Глядзі таксама
Каментары