«12 раз’юшаных мужчынаў» – па-беларуску


Кампанія «Кінаконг», якая займаецца перакладам фільмаў на беларускую мову, прэзентавала сваю новую працу – стужку Сідні Лумэта «12 раз’юшаных мужчынаў». Прэзентацыя адбылася 10 кастрычніка ў Баранавічах, а праз дзень – у Берасці ў межах курсаў «Мова Нанова».

«12 раз’юшаных мужчынаў» – класіка сусветнага кінематографу. Гэты рэжысёрскі дэбют Сідні Люмэта лічыцца адной з найлепшых стужак стагоддзя, мае найвышэйшыя рэйтынгі і абавязковы для вывучэння ў кінаакадэміях ва ўсім свеце. Займае 2-е месца ў спісе судовых драмаў па версіі AFI (Амерыканскі Інстытут Кінамастацтва). 12 прысяжных павінны вырашыць, ці забіваў падсудны – падлетак з трушчобаў – свайго бацьку. Калі яго вінаватасць прызнаюць, хлопца чакае электрычнае крэсла, калі не – вызваленне. Для таго, каб меркаванне прысяжных сталася вызначальным, іхная пастанова мусіць быць адзінагалоснаю. Справа здаецца відавочнай, 11 чалавек галасуюць «за» вінаватасць і толькі адзін выказвае сумнеў і прапаноўвае абмеркаваць усё яшчэ раз…

«Паказ фільму «12 раз’юшаных мужчынаў» праводзіцца ў рамках кампаніі «За несмяротнае пакаранне» разам Беларускім Хельсінкскім камітэтам і  Беларускай асацыяцыяй журналістаў, у межах тыдня за справядлівы суд. Нашая суполка «Кінаконг» займаецца прафесійным агучваннем фільмаў на беларускую мову. Мы, напэўна, адзіныя ў Беларусі, хто гэты рабіць рэгулярна, якасна і прафесійна. У нас мара, каб фільмы ў кінатэатрах шлі па-беларуску, – кажа Андрэй Кім, арганізатар кінапаказаў – За апошні год мы выдалі 13 поўнаметражных фільмаў і дзясяткі кароткаметражных трэйлераў, ролікаў і розных відэасюжэтаў.

Агучвалі фільм шэсць асобаў. Гэта найлепшыя акторы менскіх тэатраў: Павал Харланчук, Уладзімір Глотаў, Сяргей Жбанкоў, Сяргей Рачкоўскі, Алесь Малчанаў.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў