15 дзён арышту за «Gangnam style» са стрыптызам


У Барысаве на адміністратыўны арышт асудзілі маладзёна, які голым танцаваў на цэнтральнай плошчы гораду.

Як паведамілі ва УУС Менскага аблвыканкаму, на днях у інтэрнэце з’явілася відэа, на якім нейкі малады чалавек у голым выглядзе танцуе на галоўнай плошчы Барысава, задаволены са свайго фартэлю.

Як высветлілася, 2 студзеня два прыяцелі Г. і С., якім 16-ць і 21 год адпаведна, жыхары Барысава, выпіўшы на дваіх 0,7 л віна, адправіліся на цэнтральную плошчу гораду ў пошуках прыгодаў. У старэйшага нарадзілася ідэя праславіцца, станцаваўшы стрыптыз у грамадскім месцы. Пры гэтым, на думку С., папулярнасць мусіла прыйсці да яго пасля дэманстравання відэа на сайце «YouTube». Пад песню «Gangnam style» С. распрануўся дагала і на вачах мінакоў пачаў танчыць. Пры гэтым ягоны сябар Г. здымаў усё на камеру мабільнага тэлефона. Тым жа вечарам Г. выклаў відэаролік у інтэрнэт на сваёй старонцы сацыяльнай сеткі «УКантакце».

Міліцыя без асаблівых цяжкасцяў высветліла асобы абодвух хуліганаў. У сувязі з тым, што С., «будучы ў стане алкагольнага ап’янення, танцаваў у голым выглядзе, паказваючы свае палавыя органы ў прысутнасці грамадзянаў, тым самым парушаў грамадскі парадак і выказваў яўную непавагу да грамадства сваймі амаральнымі паводзінамі ды цынічным стаўленнем да грамадзянаў», суд Барысаўскага раёну прыгаварыў яго да адміністратыўнага арышту на 15 сутак, якія С. цяпер і адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання Барысаўскага РУУСу.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў