Беларусы Уралу збіраюць грошы на помнік Мулявіну


У Свярдлоўскай вобласці Расеі Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Уралу» пачала збор сродкаў на ўсталяванне ў Екацерынбурзе помніку народнаму артысту СССР і Беларусі Уладзіміру Мулявіну.

«Цяпер стаіць пытанне выбару месца, а потым будуць конкурс і шырокі збор сродкаў. Мы ў дыяспары паціху пачынаем збіраць, але разумеем, што гэта – няпростая задача», – распавёў намеснік старшыні рады арганізацыі Павел Саенка.

Ініцыятыва ўсталявання помніку Мулявіну зыходзіць ад «Беларусаў Уралу» і беларускай амбасады ў Расеі, яе падтрымалі гарадскія ўлады. Цяпер у Екацярынбурзе на сцяне пяціпавярховага дому, дзе жыў Мулявін, вісіць мемарыяльная табліца.

Саенка адзначыў, што дакладную суму, якая будзе неабходная на стварэнне і ўсталяванне помніку, будуць вызначаць яго аўтары. «Ёсць людзі, якія прыходзілі ў дыяспару і казалі, што ў іх ёсць напрацоўкі для помніку», – сказаў прадстаўнік беларускай арганізацыі на Урале. Аднак, паводле яго, усё вырашыць конкурс на стварэнне помніку, які, магчыма, аб’явяць па ўсёй Расеі.

Помнік ураджэнцу Екацярынбургу Уладзіміру Мулявіну мае з’явіцца ў горадзе ў 2014 годзе.

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары