Ці можна Юлію Цімашэнку лічыць палітвязнем?


У “Гарачым каментары” пра ўкраінскую палітыку разважае грамадская актывістка Наталля Панчанка.

Былая прэм’ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка трэці дзень не пакідае душавых пакояў шпіталю на знак пратэсту супраць сталага відэаманіторынгу, які ажыццяўляюць улады падчас лячэння зняволенага палітыка.

Юлія Цімашэнка заявіла, што ў суд яе могуць даставіць толькі пад прымусам. Паводле ейнага адваката, у купальню адміністрацыя шпіталя паставіла ложак, дала цёплую коўдру.

{movie}Наталля Панчанка ў “Гарачым каментары”|right|8496{/movie}

Лідарку найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Батьківщина» 2 гады таму асудзілі за нібыта нявыгадныя Украіне газавыя дамовы. У Беларусі існуюць розныя погляды на тое, ці можна ўкраінскага экс-прэм’ера лічыць палітзняволенаю.

Украінская грамадская актывістка Наталля Панчанка правяла на «Фэйсбуку» апытанне на гэтую тэму. Абсалютная большасць, нават тыя, хто не любяць і ненавідзяць былую прэм’ерку, праявілі салідарнасць, напісаўшы: «Цімашэнка – палітвязень і закладнік сістэмы».

Пратэст Юліі Цімашэнкі актывістка назвала «крыкам душы» зняволенай жанчыны: «Яна бачыць, што шмат хто спрабуе нешта зрабіць, але ніхто не можа ёй дапамагчы. У яе не застаецца іншага выйсця, як дзейнічаць такімі сродкамі».

Шмат хто з палітыкаў абвінавачваюць Юлію Цімашэнку ў спробе гучнымі акцыямі «выматаць» улады і змусіць да ейнага вызвалення. «Украінскія ўлады не пойдуць на гэта. А Юлія Цімашэнка – моцная асоба. Яна не прыняла б амністыі, калі б раптам украінскі прэзідэнт вырашыў яе памілаваць», – падкрэсліла Наталля Панчанка.

Украінскі народ, на думку госці «Гарачага каментара», здолее абудзіцца ад палітычнай апатыі толькі тады, калі будзе мець сапраўднага лідара, які б меў стратэгію развіцця Украіны і змог бы вывесці людзей на вуліцы на знак пратэсту супраць бяспраўя. «На жаль, такога лідара цяпер ва Украіне няма, бо няма чалавека, які б агучыў важныя для дзяржавы пытанні і сказаў: «Украіна, пайшлі за мною!», – зазначае актывістка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў