Апазіцыя: Дамовімся наконт абрання «адзінага» да Дня Волі


Партыя БНФ, рух «За Свабоду» і кампанія «Гавары праўду!» плануюць вызначыць метад абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах–2015 цягам найбліжэйшых месяцаў, паведаміў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Вядома, у нас ёсць рознагалоссі ў падыходах да працэдуры вызначэння адзінага кандыдата, але ёсць разуменне, што ў гэтым пытанні нам трэба дамаўляцца», – зазначыў палітык. Паводле яго, кулуарныя перамовы вядуцца з верасня 2012 года, але іх нельга назваць асабліва інтэнсіўнымі.

Спадар Янукевіч паведаміў, што ў кастрычніку Сойм Партыі БНФ даручыў яму правесці перамовы з рознымі апазіцыйнымі структурамі, каб вызначыцца з працэдураю абрання адзінага кандыдата на прэзідэнта да 25 сакавіка 2013 года: «Хоць часу засталося няшмат, але ёсць шанцы, што дамоўленасць будзе дасягнутая».

Лідар партыі мяркуе, што да абмеркавання пытання могуць падключыцца іншыя апазіцыйныя структуры: «З некаторымі з іх больш-менш ясна, што яны гатовыя ўдзельнічаць у перамовах, некаторыя схіляюцца да таго, каб да іх падключыцца, некаторыя пакуль не выказваюць асаблівай зацікаўленасці ў перагаворным працэсе».

Апазіцыя можа паспрабаваць рэалізаваць розныя сцэнары вызначэння адзінага кандыдата. Цяпер можна вылучыць дзве працэдуры, пры дапамозе якіх прапаноўваецца абраць адзінага кандыдата на прэзідэнта: правядзенне Кангрэсу дэмакратычных сілаў (падтрымліваецца Партыяй БНФ) і праймарыз (ініцыятарам выступае Аб’яднаная грамадзянская партыя).

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў