Рагачоўская раёнка абвінавачвае мясцовых актывістаў у педафіліі


Раённае выданне «Свабоднае слова» размясціла на сваім сайце чарговы зняважлівы артыкул аб прадстаўніках апазіцыі пад назваю «Шок! Оппозиционный активист пригласил на свидание 16-летнего подростка». Гэтак газета нібыта «змагаецца» з маральным заняпадам.

Аўтар артыкулу зазначае, што беларуская апазіцыя «ў сваім імкненні капіяваць заходнія ідэалы зайшла настолькі далёка, што цалкам страціла агульнапрынятыя ў славянскім свеце маральныя нормы і каштоўнасці».

«Спачатку «Чарнобыльскі шлях», дзе ў адной калоне з «оппами» па сталіцы нашай краіны пад сваім вясёлкавым сцягам прайшлі прадстаўнікі сексуальных меншасцяў, затым – актыўнае вывучэнне досведу замежных дэмакратаў у стварэнні партыі педафілаў», – выкрывае газета.

Сярод каментароў пад артыкулам – крытыка на адрас апазіцыі ды мясцовых актывістаў. Відавочна, іншадумства не вытрымала цэнзуры сайту. Аднак пільнасць мадэратараў рагачоўцы ашукалі з дапамогаю іроніі. «Жах! Цяпер мне шмат што зразумела! Не ведаю, як каго, а мяне вельмі насцярожвае той факт, што нашая апазіцыя так зацікаўленая ў адкрыцці дзіцячай кавярні ў Рагачове і правядзенні начных гулянняў на Новы год з удзелам дзяцей!» – напісаў нехта з удзельнікаў форуму.

Максім Ярашэвіч, паводле spring96.org, slova.by

Стужка навінаў