Варта змагацца! Пенсіянерка абараніла праз ААН права дарыць падарункі


Актывістка з Віцебску Антаніна Піванос абскардзіла ў Камітэце правоў чалавека ААН няслушную пастанову беларускага суда.

25 сакавіка 2008 года спадарыня Антаніна вырашыла зрабіць падарунак апазіцыянеру Барысу Хамайду – прынесла яму вышыванку са словамі малітвы «Войча наш». Вышытыя чырвонымі ніткамі на белай тканіне словы міліцыянты расцанілі як плакат апазіцыйнага зместу. Антаніну Піванос затрымалі ды пакаралі штрафам – дзве базавыя велічыні – нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Інцыдэнт меў месца ў Дзень Волі на адной з віцебскіх вуліцаў, дзе спадар Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу. У той самы дзень адбыўся працэс у Чыгуначным райсудзе, дзе пенсіянерка-актывістка спрабавала пераканаць суддзю, што на аддаванне падарунку, хай сабе і ў грамадскім месцы, не патрэбная санкцыя ўладаў. Тым не менш суд скончыўся штрафам для актывісткі ды канфіскацыяй «крамольнай» вышыванкі. Абскардзіць гэтую пастанову не ўдалося ні ў Віцебскім абласным, ні ў Вярхоўным судах.

Пасля звароту Антаніны Піванос у Камітэт правоў чалавека ААН прайшло больш за 4 гады, але рашэнне актывістка атрымала станоўчае. Згодна з ім, у дачыненні спадарыні Піванос быў парушаны артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле другой часткі гэтага артыкулу, грамадзяне дзяржаваў-удзельніц пакту, сярод якіх ёсць і Беларусь, маюць права на вольнае выказванне сваіх думак. Менавіта гэтае права жыхаркі Віцебску было незаконным чынам парушанае.

Паводле рашэння Камітэту, улады Беларусі абавязаныя выплаціць кампенсацыю, пакрыць панесеныя актывісткаю выдаткі ды вярнуць сканфіскаваную маёмасць.

Паводле spring96.org

Стужка навінаў