Маеш пазыку? У казіно не трапіш!


Даўжнікам аліментаў і крэдытаў забароняць уваход у казіно і залы гульнёвых аўтаматаў. Пра гэта гаворыцца ў Канцэпцыі развіцця гульнёвага бізнесу, якую ўжо зацвердзіў Савет Міністраў.

Аўтары канцэпцыі лічаць, што толькі такім чынам можна абараніць гульца і ягоную сям’ю ад сістэматычных прайгранак.

Эксперт Асацыяцыі покеру ў Беларусі Сяргей Кавалёў адзначыў, што кантраляваць гульцоў такім чынам будзе складана. “Невядома, якім чынам будуць забараняць уваход. Для адміністрацыі гульнёвых установаў пабольшае праблемаў. Цяпер яны павінны будуць яшчэ і вызначаць даўжнікоў. У краіне існуе заканадаўства, паводле якога прадугледжваецца пакаранне за тое, што не пагашаюцца своечасова крэдыты ці аліменты. Значыць, паводле гэтага заканадаўства і трэба дзеяць праваахоўным органам. Прычым тут казіно і гульнёвыя аўтаматы? Як вядома, чалавек мае права самастойна вызначаць, на што выдаткоўваць свае грошы. Эфектыўнымі метадамі барацьбы з залежнасцю мусіць быць добраахвотная псіхалагічная дапамога, а не прымусы і забароны”, – лічыць ён.

Механізм кантролю азартных гульцоў і даўжнікоў цяпер распрацоўваюцца. Але ўжо вядома, што праграмнае забеспячэнне і маніторынг будзе ажыццяўляцца за грошы прыватнага інвестара. Конкурс на стварэнне маніторынгавага цэнтру ў сферы гульнёвага бізнесу выгуляла амерыканская кампанія “GTECH Global Services Corporation Limited”.

belsat.eu

Стужка навінаў