Год пратэстаў на «Граніце»: «Каб рабочых не называлі рабамі»


Аглядаючыся на змаганне за правы рабочых на каменездабыўным прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах, старшыня незалежнага прафсаюзу прадпрыемства Алег Стахаевіч лічыць, што пратэст збольшага быў паспяховы.

«Першая і галоўная мэта была – утварыць свой незалежны прафсаюз для вырашэння сваіх жа праблемаў на працоўным месцы. Бо ні адміністрацыя, ні афіцыйны прафсаюз гэтым не займаліся. Ці дасягнулі мы сваёй мэты? Паводле міжнародных нормаў – так, паводле законаў нашай краіны – не. Увесь свет прызнаў нашае права на прафсаюз, а ўлады нашай краіны – не. Таксама мы дамагаліся росту аплаты працы. І гэтага мы дасягнулі за год пасля пачатку пратэсту. Заробкі выраслі з 2,7–3,5 млн да 10–15 млн. Дабіліся мы і пазітыўных зрухаў у плане ліквідацыі хамскага стаўлення адміністрацыі да працаўнікоў. Прынамсі, рабочых цяпер не называюць рабамі, як гэта было яшчэ год таму», – распавядае Стахаевіч.

Аднак і гэтыя змены не абышліся без ахвяраў. Некалькі актывістаў навастворанага прафсаюзу звольнілі. «Цяпер звольнены Генадзь Паўлоўскі працуе кіроўцам-міжнароднікам. Віталь Пашэчка і Мікалай Карышаў перабіваюцца падпрацоўкамі. Праблемы з працаўладкаваннем мае Людміла Літвінка, якую адмаўляюцца ўзяць на працу ў шмат якіх арганізацыях Лунінецкага раёну. Але самае галоўнае, што ніхто з нашых звольненых актывістаў не згубіўся, кожны годна вытрымаў гэтыя выпрабаванні», – зазначае актывіст.

Ён кажа, што рабочых «Граніту» вельмі ўразіла міжнародная маральная дапамога. «Нават прафсаюзы Венесуэлы выказалі нам падтрыманне. Лісты ўладам са словамі салідарнасці з намі даслалі Міжнародная і Еўрапейская канфедэрацыі прафсаюзаў, прафсаюзы Расеі… Міжнародная арганізацыя працы прызнала парушэнні правоў рабочых у адмаўленні права на прафсаюз».

Канфлікт на «Граніце» разгарэўся летась у студзені. Каля 600 рабочых выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў і хамскага стаўлення адміністрацыі. Рабочыя абвесцілі пра стварэнне на прадпрыемстве суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. Да гэтага часу суполка не можа дабіцца рэгістрацыі, а актывісты незалежнага прафсаюзу зведалі ціск з боку адміністрацыі. Некалькі асобаў былі звольненыя з прадпрыемства.

«Белсат» зняў рэпартаж пра падзеі на «Граніце». Пра змаганне за свае правы і пра «людзей з граніту» глядзіце ў відэаматэрыяле.

Кастусь Будчак

belsat.eu

Стужка навінаў