Леанід Заіка: У банкаўскай сістэме дагэтуль пануюць часы СССР


Грашовыя ўклады насельніцтва ў банках у параўнанні з мінулым годам павялічыліся на чвэрць. Цяпер на кожнага беларуса прыпадае ў сярэднім па 855 долараў банкаўскіх укладаў. Дома “ў панчохах” беларусы трымаюць суму ўтрая большую, сцвярджаюць эксперты.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка параўноўвае цяперашнія лічбы з часамі існавання СССР. “Прыкладна за 5 гадоў да развалу Саюзу насельніцтва зберагала ў банках такія ж неістотныя грошы”, – падкрэслівае эканаміст.

Беларусы сёння нясуць у банкі толькі 5% ад сваіх прыбыткаў, гаворыць спадар Заіка. У Японіі, напрыклад, гэтая лічба вышэйшая ў 6 разоў. Эканаміст нагадвае, што згодна з эканамічнымі разлікамі, калі краіна ашчаджае менш за 10% прыбыткаў, гэта вядзе да спынення інвестыцыйнага росту. “Дзяржаве неабходна думаць над тым, як прыцягнуць грошы насельніцтва ў банкі, замест таго, каб клянчыць крэдыты”, – упэўнены Леанід Заіка.

На думку адмыслоўца, дзяржаве неабходна весці больш прадуманую эканамічную палітыку ў гэтым пытанні. “Нацбанк ужо страціў 11% валютных рэзерваў. Гэта сталася адплатай за дэвальвацыю, што правялі два гады таму”, – удакладняе Леанід Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў