У адказ на Год ашчаднасці дэмакратычная супольнасць абвесціла Год Каліноўскага


Пра постаць героя, ягонае значэнне для беларускай гісторыі ды наступных пакаленняў разважае на просьбу БелаПАНу лідар грамадскага руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

«Каліноўскі, без сумневу, – выбітная асоба ў нашай гісторыі. І асаблівую моц гэты чалавек набірае сёння, калі мы, як гэта адбывалася і ў ягоныя часы, змагаемся за свабоду і за незалежнасць – і тое, і тое пад пагрозаю. Кожны народ павінен мець сваіх герояў, свае постаці, на якія ён раўняецца. Беларусам часта бракуе не таго, што іх не было, а шкодзіць тое, што гісторыі не ведаюць. Скажам шчыра, што сёння ў школы і ўніверсітэты зноў вяртаюцца савецкія падручнікі. Яны пішуцца ў Маскве для ўсёй постсавецкай прасторы. Між тым, кожны народ мае права на сваю трактоўку гісторыі, на свае постаці, і гэтага нам вельмі не хапае».
{movie}Аляксандр Мілінкевіч пра ролю Каліноўскага ў гісторыі|left|8476{/movie}
На думку палітыка, 150-годдзе паўстання, якое будзе адзначацца сёлета, нельга прапусціць. «Каліноўскі, калі змагаўся, напэўна, ведаў, што не выйграе ў моцнай рэгулярнай расейскай арміі, але ён хацеў падняць дух народу, – працягвае Мілінкевіч. – Хацеў паказаць, што трэба змагацца за сваю годнасць, трэба людзьмі сябе адчуваць, не быць нявольнікамі. Я думаю, гэты прыклад жыве і сёння – у такія маладыя гады ён пайшоў на шыбеніцу, але пакінуў надзвычай важны след. Прыйдзе час – можа, і хутка, – калі ў гарадах нашых будуць стаяць помнікі Каліноўскаму. У Горадні, з якой я паходжу, гарвыканкамам на пачатку 1990-х было прынятае рашэнне аб тым, каб устанавіць герою помнік, – яно не выкананае да сённяшняга дня, хоць і не адмененае. Гэта вельмі важна, каб людзі больш ведалі пра такіх асобаў, больш разумелі, чаму і за што яны змагаліся. І сваю адказнасць перад будучымі пакаленнямі таксама адчувалі, а не толькі ганарыліся мінулым».

Паводле лідара руху «За свабоду», у савецкія часы Каліноўскага ўсё ж такі лічылі змагаром супраць царызму, супраць дэспатыі. «Ён выглядаў тады як сацыял-дэмакрат – такая трактоўка была ў камуністаў, – лічыць палітык. – А ў часы, калі не вырашана, мы – самастойная дзяржава ці частка Расеі, мы – еўрапейскі народ ці ідзем на тое, каб стацца акраінаю вялікай новай імперыі, тады гісторыя, яе трактоўка падладжваецца пад гэтыя новыя геапалітычныя тэндэнцыі. Для імперскай палітыкі постаць Каліноўскага, безумоўна, варожая, а для расейскіх дэмакратаў яна такая ж выдатная, як і многія людзі ў іхнай гісторыі».

На думку Мілінкевіча, галоўная роля такіх людзей, як Каліноўскі, – выхаванне новых пакаленняў у любові да сваёй краіны. «Ёсць адна ідэалогія – любіць сваю краіну, ведаць сваю гісторыю, тады ты – моцны. Вось гэта ідэалогія кожнага еўрапейскага народу, і мы мусім ісці гэтым шляхам».

belsat.eu

Стужка навінаў