Змітру Дашкевічу ўпершыню пасля шлюбу дазволілі пабачыць жонку


Зняволены лідар «Маладога фронту» ўпершыню пасля жаніцьбы змог сустрэцца са сваёю абранніцай – Настаю Палажанкай.

Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка, намесніца старшыні «Маладога фронту», абмяняліся пярсцёнкамі 26 снежня ў гарадзенскай турме № 1. У ролі сведкаў выступілі працаўнікі карнай установы. Распісаўшыся, маладыя былі вымушаныя адразу расстацца.

Сённяшняе спатканне доўжылася дзве гадзіны і праходзіла ў пакоі для кароткатэрміновых сустрэчаў. Падчас размовы палітзняволенага з жонкаю прысутнічалі наглядальнікі, а таксама іншыя зняволеныя, якія сустракаліся са сваймі сваякамі. «Зміцер выглядае як чалавек, які два гады адбывае пакаранне: збляднелы, з мяшкамі пад вачыма. Я ведаю, што ў яго пагоршыўся зрок, але мне ён на здароўе не скардзіўся, размаўляў даволі бадзёра», – прызналася Наста.

Паводле жонкі, яна гутарыла са Змітром пра агульных знаёмых, сяброў і будучае сямейнае жыццё. Муж быў рады пачуць пра беларускі абрад перадачы пасагу, які зладзілі Насце ейныя сяброўкі пасля шлюбу. «Зміцер удзячны за тое, што сябры мяне падтрымліваюць, калі ён не можа быць побач», – падкрэсліла актывістка.

Наступнае спатканне можа адбыцца не раней як праз год. «Але мы спадзяемся, што наступны раз сустрэнемся ўжо за межамі турмы. Хоць упэўненасці ў гэтым, вядома, няма», – адзначыла жонка палітвязня.

Змітра Дашкевіча асудзілі ў сакавіку 2011-га на два гады калоніі. Спачатку ён адбываў пакаранне ў Горках Магілёўскай вобласці, пасля яго перавялі ў Глыбокае Віцебскай вобласці. Там жа 28-га жніўня мясцовы раённы суд прызнаў яго вінаватым у зацятым непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі і дадаў восем месяцаў зняволення. Пасля суда маладафронтаўца перавялі ў Мазырскую калонію № 20. Там ён быў вымушаны абвесціць галадоўку ў адказ на нечалавечае стаўленне адміністрацыі папраўчай установы. У выніку суд Мазырскага раёну таксама прызнаў яго зацятым парушальнікам рэжыму і пастанавіў перавесці ў турму.

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары