Сарочык: Крыўдзіцеляў мусяць пакараць


Збіты працаўнікамі міліцыі Васіль Сарочык мае намер абскардзіць спыненне крымінальнай справы ў дачыненні міліцыянтаў з Ленінскага РУУСу Менску, якія, паводле пацярпелага, спрабавалі сілаю выбіць у яго прызнанне ў крадзяжы.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэту ў сталіцы Аляксандра Герасімава, сабраныя доказы не пацвердзілі крымінальна каральных дзеянняў міліцыянтаў у дачыненні мужчыны. Працаўнікі міліцыі, паводле Герасімава, толькі парушылі Крымінальна-працэсуальны кодэкс, за што і будуць пакараныя дысцыплінарна.

Паводле пенсіянера, у пастанове Следчага камітэту аб спыненні справы «шмат неадпаведнасцяў, на 90 % – няпраўда».

«Мяне, аказваецца, не білі, – абурыўся Сарочык. – У дакуменце сказана: «падстаўная асоба» – чалавек, які наагул пры збіванні не прысутнічаў, а быў зусім іншы. Не супадае і час: мяне забралі а 8-ай гадзіне, і, паводле сведчання аднаго з міліцыянтаў, я быў у кабінеце РУУСу а 8:30, а напісалі, што мяне забралі адтуль, са стаянкі, а 13:20… У пастанове ўсё блытана выкладзенае – яны так заблыталі следства, што не зразумееш».

Пасля «сустрэчы» з міліцыянтамі ахоўнік аўтастаянкі скардзіўся на боль у нагах, грудзях і ў сэрцы.{movie}Сарочык: У пастанове Следчага камітэту 90% – няпраўда |left|8474{/movie}

Нягледзячы на закрыццё крымінальнай справы ў дачыненні працаўнікоў РУУСу, Васіль Сарочык пры дапамозе праваабарончай інфармацыйна-асветнай установы «Платформа» падрыхтаваў зварот у вышэйшыя інстанцыі. Паводле збітага, ён мае намер абскардзіць пастанову СК, каб «давесці справу да канца і пакараць гэтых міліцыянтаў».

Як адзначыў Сарочык, 14 лістапада яго затрымалі працаўнікі міліцыі ды правялі ў Ленінскае РУУС, дзе надзелі кайданкі ды сталі збіваць, патрабуючы прызнання ў крадзяжы надмагільных плітаў, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама дызельнага паліва і акумулятараў з аўтамабіляў. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дамагчыся прызнання ў тым, што ён перыядычна абкрадаў кіёскі на рынку «Свелта». Пенсіянер паспрабаваў растлумачыць, што не ведае, пра што вядзецца, але пасля гэтага збіццё толькі ўзмацніліся. Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі ды дручкамі па галаве і целе па чарзе некалькі працаўнікоў РУУСу. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнаю лаянкаю і пагрозамі забойства. Калі састарэлы чалавек траціў прытомнасць, яго аблівалі халоднаю вадою.

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзінаў, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянты не атрымалі. У выніку прадстаўнікі міліцыі склалі нейкі дакумент, які мужчына падпісаў, калі быў ужо не ў стане яго прачытаць, і адпусцілі збітага дамоў.

Пры дапамозе праваабарончай арганізацыі «Платформа» Сарочык звярнуўся з заяваю ў пракуратуру. Правяранне паводле ягонай справы праводзілі Ленінскі раённы аддзел СК і ўпраўленне СК па Менску.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў