У менчука, які застрэліў міліцыянта, было не менш за тры адзінкі зброі


У жыхара Менску, які застрэліў 8 студзеня працаўнікоў міліцыі ў прыватным сектары, сканфіскавалі рэвальвер сістэмы наган, з якога, як мяркуецца, мужчына і страляў, рэвальвер неўстаноўленага ўзору, абрэз паляўнічай стрэльбы, з якой ён застрэліўся ў гаражы, боепрыпасы, тры кнігі пра стралковую зброю і DVD на гэтую тэматыку.



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мянчук, які скончыў самагубствам – бацька вядомага драматурга, але пацвярджэння гэтаму пакуль няма, паведамляе БелаПАН.

Адзін забіты, адзін паранены

Загінулы 8 студзеня ў Менску пры выкананні службовых абавязкаў міліцыянт – прапаршчык палка патрульна-паставой службы міліцыі (ПППСМ) 1975 года нараджэння, паранены – маёр крымінальнага вышуку, таксама 1975 года нараджэння.

Злачынца стрэліў у міліцыянтаў як мінімум чатыры разы. Прапаршчык атрымаў агнявое раненні ў жывот і спіну, у выніку чаго памёр, маёр – у нагу.

Выязджалі з нагоды страляніны

8 студзеня прыкладна а 16-й гадзіне следча-аператыўная група разам з нарадам ПППСМ прыбыла на месца здарэння ў прыватны сектар Маскоўскага раёну на заяву адной з мясцовых жыхарак пра тое, што на вуліцы Машыністаў нехта страляе па ейным сабаку. Жанчына званіла ў міліцыю на тэлефон 102. Падчас агляду прыватнага сектару праваахоўнікамі яна ўказала на канкрэтнага грамадзяніна, які страляў у жывёліну. Паводле інфармацыі ў інтэрнэце, мужчына неаднаразова выказваў прэтэнзіі суседзям адносна небяспечнага выгулу іхнага сабакі.

Міліцыянты пачалі апытанне мужчыны 1953 года нараджэння, які жыў у адным з дамоў прыватнага сектару. У адказ на гэта ён дастаў пісталет і пачаў прыцэльна страляць. Праваахоўнікі стралялі ў злачынцу, але ён схаваўся ў гаражы, дзе ён учыніў сабе смерць самагубствам, стрэліўшы сабе ў галаву з абрэза паляўнічай стрэльбы.

Упраўленне Следчага камітэту па Менску распачало крымінальную справу паводле арт. 362 КК (забойства працаўніка органаў унутраных справаў у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў