Колькі яшчэ крэдытаў вытрымае эканоміка Беларусі?


Самымі цяжкімі месяцамі ў гэтым годзе для беларускай эканомікі стануць чэрвень, кастрычнік і красавік: на іх прыпадаюць найбольшыя адсоткі выплатаў вонкавых крэдытаў. Агулам вонкавы доўг складае больш за $ 12 млрд, ліміт жа на запазычанасць, якая імкліва расце цягам апошніх трох гадоў, складае $ 14 млрд.

Пра тое, як нашая краіна будзе аддаваць пазыкі МВФ, стабілізацыйнаму фонду ЕўраАзЭС і кітайскім банкам, у «Гарачым каментары» распавядзе эканаміст Аляксандр Папко.
{movie}Аляксандр Папко ў Гарачым каментары|left|8456{/movie}
Толькі Міжнароднаму валютнаму фонду давядзецца аддаць каля $ 1,5 млрд, акурат столькі, колькі Беларусь зарабіла дзякуючы шэрай схеме экспарту расейскай нафты пад выглядам разбаўляльнікаў. Цягам гэтага года адсоткі ўсяго вонкавага крэдыту складаюць $ 3,1 млрд.

«Цяпер у дзяржавы ёсць план на гэтую праблему. Палова будзе рэфінансаваная, то бок дзяржава выпусціць аблігацыі на сусветны рынак, што таксама можна лічыць пазыкаю. Праблема проста адкладаецца на наступны тэрмін. Да таго ж гэта не будзе такая выгадная пазыка, як крэдыт МВФ. Адсотак аблігацыяў сягае 8–9 %, у той час як МВФ пазычае грошы з 3–4 %», – зазначае адмысловец.

У выніку, якімі б вялікімі адсоткі крэдытаў ні былі, сёлета дэфолт Беларусі не пагражае. Аляксандр Папко бачыць праблему ў іншым: «дзякуючы» такім захадам, айчынная эканоміка робіць крок назад, нас можа чакаць негатыўнае сальда нават на $ 7 млрд. То бок гандлёвы дэфіцыт сягне ўзроўню 2009 года.

«Праблема не ў самой запазычанасці. Праблема ў тым, у каго ты бярэш грошы і на які час. Дык вось, беларуская эканоміка не працуе так, каб магчы пазычаць усё болей», – мяркуе эканаміст.

Куды ж пайшлі вялізарныя крэдыты МВФ, дапамога фонду ЕўраАзЭС і кітайскія крэдыты? Паводле эксперта, – у нікуды. Яны былі змарнаваныя на падтрыманне старой эканамічнай мадэлі.

belsat.eu

Стужка навінаў