Час аддаваць пазыкі. Чаго чакаць беларусам?


У студзені Беларусь мусіць зрабіць дзве выплаты крэдыту МВФ на агульную суму $ 182,4 млн. Агулам сёлета нашая краіна мусіць аддаць крэдыторам з МВФ $ 1,61 млрд. Але гэта толькі частка пазыкаў, якія Беларусь мусіць сплаціць да канца года. Як гэта адаб’ецца на шараговых беларусах? Журналісты «Белсату» распыталі мінакоў пра іхныя чаканні ад 2013 года.

Адзін з апытаных мяркуе, што, каб сплаціць пазыкі, Менск пазычыць яшчэ грошай, і таму эканамічная сітуацыя ў краіне істотна не зменіцца. На думку іншага рэспандэнта, для таго каб расплаціцца з крэдытадаўцамі, хопіць і ўласных сродкаў: «У нас вялікі золата-валютны рэзерв, таму ўсё заплоцім».

Частка апытаных ускладае надзеі на кіраўніцтва краіны, якое ўсё ж знойдзе выйсце са складанай сітуацыі. «Я думаю, што тыя, хто такія пытанні развязваюць, стараюцца дзеля нас, таму яны, напэўна, усё гэта прадугледзелі, і ўсё атрымаецца», – упэўнены адзін з рэспандэнтаў.

Некаторыя апытаныя мяркуюць, што грошы на сплату крэдытаў дзяржава возьме ў падаткаплатнікаў. «Адкуль браць грошы? Толькі павышаць падаткі! Можа, той жа падаходны падатак павысіцца», – мяркуе спадарыня.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў