Кітай. Другі дзень пратэстаў супраць цэнзуры


Учора ўпершыню за апошнія 20 гадоў у Кітаі адбыўся пратэст супраць цэнзуры ў медыях. Сёння людзі зноў выйшлі на вуліцы паўднёвага Ґуан-ЧжОў (Guangzhou).

Пратэст пачалі працаўнікі незалежнай газеты «Southern Weekly», якія раней замест віншаванняў з Новым годам мусілі змясціць на першых старонках хвалебныя артыкулы пра Камуністычную партыю Кітаю. Да іх далучыліся чытачы, якія трымалі ў руках плакаты з патрабаваннямі свабоды слова і спявалі «Інтэрнацыянал».

Сёння, як і ўчора, нікога не затрымалі, але на другі дзень страйку з’явіліся людзі ў цывільным, якія крытыкавалі пратэстоўцаў і вінавацілі іх у супрацы з «капіталістычным захадам». Яны трымалі ў руках камуністычныя сцягі і… таксама спявалі «Інтэрнацыянал». Людзі ў цывільным таксама атакавалі журналістаў, якія «недакладна адлюстроўваюць рэальнасць».

«Ты што сабе думаеш? Гэта табе не Гон-Конг! Ты ж паняцця не маеш, што там адбываецца!», – крычаў да журналістаў адзін з прыхільнікаў «кантраляванай свабоды слова». Гон-Конг карыстаецца вялікаю аўтаноміяй ад Кітаю, і сітуацыя са свабодаю медыяў там значна лепшая, чымся ў мацерыковай часткі краіны.

Паліцыя не ўмешвалася, толькі фіксавала спрэчкі на камеру і раздымала загарачых праціўнікаў і прыхільнікаў цэнзуры. Пратэстоўцы таксама спасылаліся на Гон-Конг. «Няўжо ў Гон-Конгу нельга пратэставаць? Там што, забароненая свабода слова? Калі мы тут напішам лішнія два сказы, – гэта злачынства! Два сказы – і ты асуджаны. Два сказы – і ты ў працоўным лагеры», – крычаў адзін з пратэстоўцаў.

Журналісты «Southern Weekly» заклікалі ўсіх сваіх калегаў да страйку, пакуль найвышэйшае кіраўніцтва партыі не адменіць цэнзуры.

belsat.eu

Стужка навінаў