У жанры палітычнай фантастыкі


Вядомая беларуская журналістка прааналізавала артыкул “За кулісамі адной змовы”, надрукаваны ў газеце “Советская Белоруссия”.

“Прыёмы ў гэтай публікацыі выкарыстоўваюцца вельмі простыя: падман, шальмаванне ды намёкі на акалічнасці, якія немагчыма спраўдзіць, – кажа Святлана Калінкіна. – Адзіны дакумент, прыведзены ў дадзеным матэрыяле, – гэта ксеракопія нібыта нейкага гранту для праваабарончага цэнтру “Вясна”. Калі Алесь Бяляцкі пацвердзіць, што там ягоны подпіс, гэта будзе адзінае праўдзівае, што ёсць у гэтай публікацыі”.

Шэф-рэдактар “Народнай Волі” таксама звярнула ўвагу на тое, што крымінальную справу распачалі – аб масавых беспарадках 19 снежня, і ніякіх доказаў таго, што рыхтавалася змова, няма. “Усе, хто можа пацвердзіць ці аспрэчыць інфармацыю, змешчаную ў гэтым артыкуле, далі падпіску аб неразгалошванні, – кажа Святлана Калінкіна. – Цяжка сказаць, што гэта журналісцкая публікацыя. Гэта, магчыма, палітычная фантастыка альбо сапраўды рассакрэчаныя нейкія матэрыялы, а магчыма, і “казкі на ноч”, каб запалохаць беларусаў”.

Тым часам беларускія праваабаронцы заяўляюць, што артыкул “За кулісамі адной змовы” груба парушае заканадаўства Беларусі. У сённяшнім нумары апублікаваны працяг матэрыялу, дзе даецца спіс з 20 чалавек пад загалоўкам “Яны штурмавалі Дом ураду”. Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, гэтак груба парушаецца прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Алег Волчак, былы следчы, адзначае, што гэтую публікацыю можна таксама расцаніць як спробу ціску на следства, бо газета “Советская Белоруссия” – афіцыйны друкаваны орган Адміністрацыі прэзідэнта.

Праваабаронцы маюць намер звярнуцца ў пракуратуру са скаргаю аб фактах парушэння з боку выдання беларускага заканадаўства.

belsat.eu

Стужка навінаў