Лукашэнка з малодшым сынам "калядавалі" на Раство ў Філарэта


7 студзеня прэзідэнт Беларусі з сынам Колем усклалі кветкі да помніку патрыярху Алексію ІІ, наведалі царкву, а пасля былі госцямі кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта.



Пасля ўскладання букета да помніку Алексію ІІ Лукашэнкі адправіліся ў менскую царкву Усіх Святых.

Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта, разам з галавою праваслаўных Беларусі, мітрапалітам Філарэтам, ён запаліў калядную свечку ў ніжнім прыдзеле ў гонар Яна Хрысціцеля.

Лукашэнка прынёс у дар мітрапаліту насценны гадзіннік, упрыгожаны разьбяным карункавым арнаментам. Філарэт падарыў галаве дзяржавы абраз Раства Хрыстовага.

Затым прэзідэнт паслухаў калядныя спевы ў выкананні хору выхаванцаў нядзельнай школы мясцовага прыходу. Азнаёміўшыся з планамі заканчэння будаўніцтва царквы Усіх Святых і яе аздаблення, кіраўнік краіны працягнуў размову з Філарэтам за гарбатаю.

У сваім Калядным пасланні мітрапаліт Філарэт перасцярог праваслаўных вернікаў наконт небяспекі супрацы Царквы і дзяржавы, калі рэлігія становілася “знакам лаяльнасці да ўладаў”. «Дзякаваць Богу, у Беларусі добрыя стасункі паміж дзяржаваю і Царквою. Мы развіваем супрацу, будуючы адносіны на грунце маральных каштоўнасцяў. Але сёння важна памятаць, што хрысціянства мае справу не толькі з супольнасцямі людзей – яно звернутае да кожнай асобы. Гасподзь чакае ад нас рашэння: ці пусцім мы Яго ў нашае сэрца, ці яно будзе занятае клопатамі веку гэтага. Ці ёсць у нас золата веры, ладан малітвы і смірна пакаяння (гл. Мф. 2: 11), каб дастойна сустрэць Творцу? На гэтыя пытанні кожны адказвае сам», – падкрэсліў мітрапаліт.

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Стужка навінаў