Праваслаўныя хрысціяне святкуюць Раство Хрыстова


З традыцыйным пасланнем на Раство да вернікаў звярнуўся мітрапаліт Менскі ды Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

«Разумеючы гэтае сапраўды сусветнае значэнне Богаўцялеснення, мы ў той жа час адчуваем, што яно скіраванае да кожнага з нас, – адзначае кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). – Ад валхва, носьбіта ўлады і ведаў, да сціплага пастуха – кожны закліканы пачуць Добрую вестку. І гэта таму, што сэрца чалавека – аснова, на якой трымаецца добраўладкаванне свету і з якой, наадварот, пачынаецца яго разбурэнне».

«Уцялесненне Хрыста Сына Божага – свабоднае дзеянне любячага Бога. І яго сэнс – аднавіць свабоду чалавека ў зваротнай любові…Любоў Бога, даходзячы да крайняй пакоры, чакае ад чалавека кроку ў адказ. Але, звяртаючыся да сведчання евангеліста Матфея, мы высвятляем, што Раство Хрыстова не ўсім прынесла радасць», – гаворыцца ў пасланні мітрапаліта Філарэта.

Закранаючы тэму ўзаемасувязі свецкага і духоўнага праваслаўнага жыцця, мітрапаліт указвае на«добрыя адносіны» паміж дзяржаваю ды царквою: «Мы развіваем супрацу, будуючы адносіны на грунце маральных каштоўнасцяў». Разам з гэтым экзарх звярнуў увагу на небяспеку заблізкай супрацы паміж царквою ды дзяржаваю. Праз гады стала відавочна, што ў асяроддзі хрысціянаў вера пачала паступова астываць. Хрысціянства выбіралі не толькі як шлях выратавання, але і на знак лаяльнасці да ўладаў, дзеля доступу да дзяржаўных прывілеяў.

Сапраўдны выбар паміж дабром і злом, зазначае кіраўнік БПЦ, чалавек робіць у адзіноце і заўсёды самастойна: «Сацыяльны статус не здымае адказнасці за прынятыя рашэнні, роўна як і адсутнасць статусу не апраўдвае нерашучасці ды пасіўнасці перад абліччам зла».

«Кожны чалавек хоча любіць і быць любімым. Няхай жа гэтыя святыя дні Нараджэння Госпада ў плоці стануць для нас нагодаю падзяліцца багаццем нашых душаў з бліжнімі. Няхай Віфлеемская зорка пакажа кожнаму з нас шлях да сэрцаў нашых родных і калег, нашых суседзяў, сяброў і ворагаў, бо там, у сэрцы, – Хрыстос Бог наш. Пакінем ранейшыя крыўды і горыч ды накіруемся ў будучыню. Бо з намі Бог, Яму належаць і час, і прастора. Дзе Дух Ягонае любові, там і дом наш», – пажадаў пастве мітрапаліт Філарэт.

Сёння у БПЦ прыкладна 1,5 тысячы прыходаў у 11 епархіях. Святароў рыхтуюць Менская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Менску і Віцебску, а таксама духоўныя вучэльні ў Менску і Слоніме. У БДУ дзее Інстытут тэалогіі. У краіне працуе больш як 1,1 тысячы праваслаўных цэркваў, звыш 100 святыняў будуецца. Згодна з апошнімі звесткамі (на 2008 год), да праваслаўных сябе прылічваюць больш як 80 % насельніцтва Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў