Нацбанк абяцае не ўмешвацца ў курс беларускага рубля ў 2013-ым


Галоўны банк краіны апублікаваў адмысловае паведамленне, у якім гаворыцца пра пераемнасць рынкавай палітыкі ў дачыненні курсу нацыянальнае валюты.

Нацыянальны банк тлумачыць гэта тым, хто яшчэ не зразумеў: пры павышаным попыце на замежную валюту курс зніжаецца ці, наадварот, пры залішняй прапанове замежнай валюты беларускі рубель умацоўваецца? «Такая зменлівасць курсу адлюстроўвае толькі рынкавы механізм яго фармавання, але не сведчыць пра наяўнасць прычыны для ўстойлівага руху абменнага курсу ў той ці іншы бок», – гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што «стабільнасць функцыянавання валютнага рынку і абменнага курсу ў вызначальнай ступені будзе залежаць ад збалансаванасці ды эфектыўнасці працы ўсёй эканомікі».

Разам з тым, нагадаем, паводле прагнозаў беларускіх эканамістаў, у 2013 годзе Беларусь выйдзе за мяжу курсу долара – 10 тыс. руб. Эксперты не вераць у здольнасць уладаў укласціся ў сярэднегадавы курс долара, 8 950 руб., закладзены ў бюджэце краіны на 2013 год. «Я лічу гэты курс заніжаным, яны яго не вытрымаюць», – заявіў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч. Разам з тым ён не думае, што ўлады пойдуць на абвальнае разавае паніжэнне курсу нацыянальнае валюты. «Дэвальвацыя будзе павольнаю і паступоваю», – упэўнены былы галоўны банкір краіны.

Такое ж меркаванне выказаў і намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц: «Афіцыйны курсавы прагноз, я думаю, малаверагодны. Калі ўсё ж такі золата-валютныя рэзервы будуць змяншацца (а прычынаў для іх павышэння пакуль не бачна) і не будзе іншых крыніцаў іх папаўнення, дадзены курсавы рубеж будзе пераадолены да канца першага паўгоддзя».

Тым часам старшыня праўлення Нацбанку Надзея Ермакова 26 снежня падчас онлайн-канферэнцыі заявіла: «Нягледзячы на тое, што Нацбанк не ўсталёўвае на 2013 год мэтавых арыенціраў абменнага курсу, чакаць рэзкай змены не варта». Яна таксама паведаміла, што ў 2013-м Нацбанк «працягне паступова змяншаць сваю прысутнасць на валютным рынку».

4 студзеня ў «Фэйсбуку» выклалі выяву SMS-ведамкі, нібыта адпраўленага з гарадскога тэлефоннага нумара кол-цэнтру НБ. З ведамкі вынікае, што Надзея Ермакова падпісала дакумент, адрасаваны абласным упраўленням і «Беларусбанку», згодна з якім 8 студзеня курс долара спыніцца на ўзроўні Br 14 340, еўра – Br 18 116. У Нацбанку катэгарычна зняпраўдзілі чуткі пра будучы рэзкі скачок курсаў долара і еўра. «Гэтая інфармацыя – відавочнае трызненне і правакацыя», – заявіў прэс-сакратар Нацыянальнага банку Аляксандр Цімашэнка.

Пазней КДБ распаўсюдзіў паведамленне, што адбылася хакерская атака на інфармацыйныя рэсурсы нацыянальных мабільных аператараў МТС і «Вэлком» – у выглядзе ананімных SMS-рассылаў абанентам. Прынамсі каля тысячы абанентаў мабільнай сувязі ў краіне атрымалі паведамленні, што нібыта з 8 студзеня 2013 года $ 1 будзе роўны Br 14 340, а € 1 – Br 18 116.

belsat.eu

Стужка навінаў