Размова Мацкевіча: як ашчаджаць у Год ашчаднасці?


На Новы год беларусы зычылі адзін аднаму поспеху, дабрабыту і паляпшэння жыцця ўвогуле. Ці будзе лепш – залежыць ад стану айчыннай эканомікі, якая ў 2013 год уваходзіць пад знакам ашчаднасці. Пра тое, чаго чакаць ад эканомікі ў новым годзе, Уладзімір Мацкевіч гутарыць з даследчым дырэктарам «Ліберальнага клубу» Яўгенам Прэйгерманам.

На чым збіраюцца ашчаджаць гэтым разам? Адмысловец зазначае, што варта пачаць з вялікіх рэчаў, а не з энергаашчадных лямпачак ці павялічэння колькасці суботнікаў.

«Трэба пачынаць з дзяржпраграмаў, паглядзець на сельскую гаспадарку, толькі на падтрыманне якой у 2013 выдаткоўваецца Br 6,5 трлн», – зазначае Прэйгерман. Эксперт падкрэслівае, што гэта з большага звычайныя грашовыя ўліванні, тым часам гаспадарка патрабуе менавіта інвестыцыяў, то бок укладанняў у мадэрнізацыю. Што ж мусіць адбыцца, каб беларуская эканоміка развівалася, а не праядала чарговыя крэдыты? {movie}Яўген Прэйгерман у “Размове Мацкевіча”|right|8409{/movie}

«Не толькі грошы, але і людзі працуюць паводле вызначаных законаў. Тут вельмі важны стымул. І гэта вялікая праблема ў беларускай эканоміцы: стымуламі звычайна ніхто не працуе. Гэтак, каб добра зматываваць, напрыклад, прадпрымальнікаў, трэба было б максімальна знізіць гвалт з боку чыноўнікаў, аблегчыць умовы для вядзення бізнесу, аблегчыць падатковую сістэму. Але не толькі знізіць падаткі. Беларусь яшчэ некалькі гадоў таму была найгоршаю краінай у свеце паводле сістэмы падаткаабкладання», – звяртае ўвагу госць праграмы.

Як дамагчыся зніжэння падаткаў і ў чым праблема беларускай падатковай сістэмы? Ці дапамагае прынцып «аднаго акна»? Колькі складае доля ценявой эканомікі ад ВУП краіны?

Пра ўсё гэта – у «Размове Мацкевіча».

belsat.eu

Стужка навінаў