Шушкевіч: У Беларусі пакуль пануюць «хамы»


Ці трэба Беларусі аб’яднанне апазіцыі? Ці ўратуе нас пашырэнне фронту супраціўнікаў уладаў? Якую ролю выконвае цяпер Рада БНР? На пытанні Аляксея Дзікавіцкага адказвае першы кіраўнік незалежнай Беларусі – Станіслаў Шушкевіч.{movie}Шушкевіч: У Беларусі пакуль пануюць “хамы”|left|8399{/movie}

Віленскі мемарандум апазіцыі, на думку палітыка, крыху грувасткі і не можа лічыцца крокам да аб’яднання беларускіх дэмакратычных сілаў пад эгідаю Рады БНР, бо гэты орган фактычна прэзентуе беларускае замежжа. Апазіцыя ж, падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч, – з’ява ўнутрыбеларуская, у якой бяруць удзел грамадзяне Беларусі. Рада БНР – прыклад інтэлігентнасці, захавання сапраўднай беларускасці ды нацыянальнага імпэту, але яе загады не могуць быць абавязковымі для беларускай апазіцыі, лічыць палітык.

На думку першага кіраўніка незалежнай Беларусі, апазіцыя аб’яднаная супрацьстаяннем рэжыму Лукашэнкі. «Трэба казаць пра пашырэнне шэрагаў апазіцыі – гэта галоўнае», – падкрэсліў Шушкевіч.

Пасля дэмакратычных зменаў у краіне, упэўнены былы старшыня Вярхоўнага Савету, на Радзіму вернуцца маладыя беларусы, якія пакінулі яе ў пошуках свабоды. «Калі чалавек добра зарабляе, то яму цяжка вярнуцца ва ўмовы беларускага прыніжэння, калі пануюць хамы. Але мы мусім мяняць гэтыя ўмовы… Тады паток адукаваных беларусаў будзе мець іншы кірунак», – лічыць палітык.

Спадар Шушкевіч адзначыў, што зусім не шкадуе пра свой удзел у гістарычных падзеях больш як 20-гадовай даўніны. «Нешта прадугледзець можна было б больш дакладна, але заднім розумам не пражывеш», – заўважыў Шушкевіч.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў