У Менску 16 студзеня пакажуць спектакль, прысвечаны ахвярам Плошчы


Прэм’еру рыхтуюць навучэнцы лабараторыі Fortinbras, што дзейнічае пры Беларускім Свабодным тэатры,

Спектакль “Івэн Шыпмэн у кавярні “Ліла”, як паведамляецца ў анонсе, “прысвечаны ўсім пацярпелым да, пасля і падчас падзеяў 19 снежня”.

Як распавялі ў “Свабодным тэатры”, п’еса складаецца з 10 навелаў, аб’яднаных агульнаю тэмаю: як будаваць адносіны, якіх фактычна ўжо не існуе. “Галоўныя героі п’есы, як і бальшыня беларусаў сёння, задаюць сабе пытанне: “Што рабіць далей?”. Магчыма, гэты спектакль дапаможа знайсці адказ”, – патлумачылі “Белсату”.

Пра месца правядзення імпрэзы, як звычайна, загадзя не паведамляецца. Але вольных месцаў ужо няма: спектаклі забароненага на радзіме калектыву карыстаюцца ўвагаю гледачоў.

Падчас акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці затрымалі дырэктара тэатру Наталлю Каляду і драматурга Мікалая Халезіна. Асноўнай трупе і кіраўніцтву давялося “падпольна” з’ехаць з Менску, каб трапіць на гастролі ў ЗША. Паездку прадстаўнікі “Свабоднага тэатру” выкарыстоўваюць таксама як магчымасць распавесці аб рэпрэсіях, што цяпер адбываюцца ў Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў