Гітлер моліцца ў гета. Інсталяцыю крытыкуюць па-за межамі Польшчы


{movie}Гітлер моліцца ў гетта|left|8388{/movie}Усталяваная на месцы былога варшаўскага гета фігура Адольфа Гітлера, які моліцца на каленях, не выклікала маштабных спрэчак у самой Польшчы, аднак сталася аб’ектам крытыкі за межамі краіны.

Інсталяцыя італьянскага скульптара Маўрыц’ё Катэлляна (Maurizio Cattelan) пад назваю «Ён» месціцца на тэрыторыі былога гета, куды падчас вайны нацысты загналлі каля 400 тыс. габрэяў. З іх не менш за 300 тыс. забілі або адправілі ў лагеры смерці.

Статуя месціцца за зачыненаю брамаю наступным чынам: гледачам не бачна твару, і калі не зайсці з іншага боку, то немагчыма здагадацца, што гэта – Адольф Гітлер.

Інсталяцыя з’явілася ў мінулым месяцы і выклікала вялікую цікаўнасць. Паводле куратаркі выставы Юстыны Вэсалоўскай (Justyna Wesołowska), на лакальным узроўні рэакцыі на статую збольшага станоўчыя.

Па-за межамі Польшчы інсталяцыя выклікала абурэнне ў шэрагу дзеячаў. Дырэктар Іерусалімскага музею, прысвечанага гісторыі Халакосту, Эфраім Зуроф (Efraim Zuroff) называе такі ўзор мастацтва як мінімум безгустоўным. «Гэта толькі спосаб атрымаць гучныя загалоўкі ды прыцягнуць да сябе ўвагу. І, на жаль, у такім выпадку нам не застаецца нічога, акрамя як асудзіць гэтую з’яву і выказаць свой пратэст, які надасць больш вядомасці гэтаму скульптару», – заявіў Эфраім Зуроф.

Скульптар Маўрыц’ё Катэллян вядомы і іншымі сваймі контраверсійнымі працамі, напрыклад, інсталяцыяй, якая паказвае Папу Рымскага Яна Паўла ІІ, прыціснутага метэарытам.

Юстына Вэсалёўска гаворыць, што ў выпадку са скульптураю Гітлера няма гаворкі пра абразу чыіх-колечы пачуццяў. «Навакольны свет пачуў толькі два словы – «Гітлер» і «гета». Калі б яны прыехалі сюды і пабачылі працу, то змянілі б сваё стаўленне», – гаворыць Вэсалоўска.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

https://youtu.be/JcBg1u49tMI

Глядзі таксама
Каментары