Лукашэнка: У нас ёсць законы – выпакутаваныя людзьмі


Галава дзяржавы абмеркаваў з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Андрэем Кабяковым і сваёй памочніцаю Наталляю Пяткевіч скарачэнне колькасці міністэрстваў і ведамстваў. Трэба падыходзіць без спеху, сказаў прэзідэнт.

Кабякоў і Пяткевіч узначальваюць створаную ў кастрычніку 2012 года дзяржкамісію для выпрацоўвання прапановаў аптымізацыі структуры, колькасці і функцыяў дзяржаўных органаў. Камісіі даручылі да 30 снежня 2012 года падаць адпаведныя прапановы кіраўніку дзяржавы.

«Ёсць пэўныя сталыя законы, няхай яны суб’ектыўныя, але яны выпакутаваныя людзьмі, і трэба дакладна ўяўляць, колькі ў арганізацыі мусіць быць людзей, каб яна эфектыўна працавала», – сказаў Лукашэнка пра скарачэнне колькасці дзяржаўных чыноўнікаў.

З іншага боку, дадаў кіраўнік дзяржавы, гэта не мусіць быць чыста механічным, бо можа нанесці шкоду дзяржаўнаму кіраванню.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што задача скараціць апарат дзяржаўных службоўцаў на чвэрць – паказнік сярэдні. «Таму тут трэба быць больш акуратнымі ды асцярожнымі. Але ў той жа час я атрымліваю інфармацыю, што некаторыя нашыя мясцовыя кіраўнікі ператвараюцца ва ўдзельных князькоў. Вось гэта ўжо, напэўна, мае невялікае дачыненне да скарачэння колькасці дзяржаўных службоўцаў, а да эфектыўнасці нашага кантролю за гэтымі структурамі, падраздзяленнямі ды канкрэтнымі людзьмі. Я гэта буду мець на ўвазе ў сваёй працы, але вам беспасярэдне трэба будзе гэтым займацца», – заявіў Лукашэнка. Ён згадаў, што Міністэрства гандлю трэба пераарыентаваць на развязанне канкрэтных задачаў, якія турбуюць беларусаў.

Да праблемы скарачэння Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўлады звярталіся ўжо не раз, нагадаў кіраўнік дзяржавы. Але менавіта ў гэтай сферы, паводле яго, сёння больш за ўсё праблемаў, якія хвалююць насельніцтва.

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары