Нязгода беларусаў паступова канцэнтруецца на Лукашэнку


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў (НІСЭПД) апублікаваў вынікі апошняга ў 2012 годзе апытання.

Незадаволенасць палітыкаю ўладаў Беларусі паступова засяроджваецца на яе галоўным натхняльніку. Палова апытаных мяркуе, што знаходжанне практычна ўсёй улады ў руках Лукашэнкі не ідзе на карысць Беларусі. Толькі траціна рэспандэнтаў перакананая: ягонае кіраванне добра ўплывае на развіццё краіны.

Асабісты рэйтынг прэзідэнта фактычна «застыў», нягледзячы на дасягненне да канца 2012 года «запаветнага» 500-доларавага заробку: напрыканцы года яму давяралі 39,1 % рэспандэнтаў, а не давяралі 49,1 % (у верасні было 38,5 % і 51,9 % адпаведна). Галасаваць за Лукашэнку на новых прэзідэнцкіх выбарах гатовыя толькі 31,05 % (у верасні было 31,6 %).

24,5 % адказалі, што пасля сыходу дзейнага кіраўніка дзяржавы жыццё палепшыцца, а 25,09 % мяркуюць, што пагоршыцца (у снежні 2011-га было 31,07 % супраць 21,05 %). Відавочна, што перакладанне адказнасці на «нядбайных чыноўнікаў», якое прэзідэнт па-майстэрску выкарыстоўвае шмат гадоў, ужо не дае ранейшага эфекту.

Галоўным вінаватым у цяперашнім крызісе беларусы называюць менавіта прэзідэнта (41 %), на другім месцы – урад (39,1 %), апазіцыю вінавацяць 11,5 %, Еўропу – 10,9 %, Расею – 7,5 %.

41 % апытаных сказалі, што ў эканамічным плане мінулы год быў цяжэйшы за папярэдні, столькі ж – што такі самы, і толькі для 14 % ён быў лягчэйшы.

Большасць беларусаў, аднак, не гатовая да адкрытага выражэння сваёй незадаволенасці і мяркуе, што ўсе змены мусяць ісці «зверху». 47,6 % апытаных мяркуюць, што «чыноўнікі глухія да патрэбаў людзей, бо за імі няма кантролю зверху», 37 % мяркуюць, што чыноўнікі не дапамагаюць людзям, «бо за імі няма дэмакратычнага кантролю знізу», а 14 % пацвердзілі, што «чыноўнікі рэальна дапамагаюць людзям у развязанні іхных праблемаў».

У вонкавапалітычных арыентацыях беларусаў істотных зменаў не назіраецца. Так сама, як і ў трэцім квартале, пры неабходнасці выбару паміж аб’яднаннем з Расеяй і ўступленнем ў Еўрапейскі Звяз за першы варыянт выказваюцца 37,7 % рэспандэнтаў, а за другі – 43,4 % апытаных (у верасні было 36,2 % супраць 44,1 %). Аднак у больш глыбокай рэтраспектыве сацыёлагі заўважаюць «дрэйф» грамадскай думкі ад усходняй суседкі да Еўразвязу: калі ў снежні 2011-га за ўступленне ў ЕЗ на гіпатэтычным рэферэндуме прагаласавалі б 35,9 % (супраць 36,9 %), за аб’яднанне з РФ 29 %, (супраць 42,9 %), то ў снежні 2012 г. гэтыя суадносіны сталі 38,9 % супраць 37,6 % і 28,7 % супраць 47,5 % адпаведна.

Максім Ярашэвіч, паводле iiseps.org

Стужка навінаў