Кнігі Уладзіміра Някляева зніклі з дзяржаўных кнігарняў


У крамах кажуць, што новых замоваў не было і наўрад ці будуць.

Ахвотныя не могуць набыць кніг паэта, экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева. Яны зніклі з буйных дзяржаўных крамаў.

Пры гэтым кіраўніцтва “Белкнігі”, уладальніцы найбуйнейшай у Беларусі сеткі кнігарняў, адмаўляе факт забароны кніг. Працаўнікі ж крамаў паведамляюць, што апошнія паасобнікі скончыліся яшчэ некалькі месяцаў таму, але з таго часу новых замоваў не рабілі ды наўрад ці зробяць.

Кнігі Някляева можна знайсці ў прыватных гандлёвых пунктах. Як паведамілі працаўнікі інтэрнэт-крамы prastora.by, у іх ёсць зборнік выбраных твораў з серыі “Кнігазбор” і аўдыёкніга з выбранымі вершамі ў аўтарскім выкананні. Апошнім часам попыт на гэтыя тавары падвысіўся. Паэтычны зборнік Някляева на расейскай мове “Окно” ёсць на складах у Маскве. Яго можна замовіць праз інтэрнэт.

Тым часам старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец на прэсавай канферэнцыі 13 студзеня назваў Някляева “добрым паэтам”, а ягоны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі — “памылкай”: “Ён мне проста нагадвае кацяня, якое нарадзілася на стайні і стала патрабаваць сабе пашпарт каня”, — сказаў старшыня СПБ.

belsat.eu

Стужка навінаў