Скалечаная на Плошчы-2010 Мая Абромчык звярнулася ў ААН


Буду выкарыстоўваць усе законныя метады, каб дамагчыся справядлівасці, сказала збітая амапаўцамі дзяўчына.

Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў скаргу студэнткі Маі Абромчык, якой працаўнікі АМАПу брутальна зламалі нагу 19 снежня 2010 года падчас разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Менску. Афіцыйны нумар рэгістрацыі скаргі – 2228/2012. Згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі, ўлады Беларусі цягам паловы года мусяць даць адказ Камітэту правоў чалавека ААН па сутнасці справы Маі Абромчык.

Міліцыянты не захацелі знайсці вінаватых у скалечанні дзяўчыны, хоць прозвішчы і подпісы тых асобаў стаялі пад пратаколам затрымання. Рэабілітацыя пасля складанага пералому доўжылася цягам года, за гэты час Мая перанесла тры аперацыі.

У красавіку 2011-га пракурор Маскоўскага раёну Менску паведаміў Маі Абромчык, што па ейнай скарзе пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкулу 155 КК РБ (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў праз неасцярожнасць) на нявысветленую асобу. Аднак працаўнікі органаў у гэтай справе не фігуравалі. У судова-медычнай экспертызе, якую зрабілі на запатрабаванне пракуратуры, адзначана, што траўмы, зафіксаваныя ў Маі, могуць быць нанесеныя прадметам, падобным да міліцэйскага дручка. Пракурор, тым не менш, не прыняў гэтага факту да ўвагі.

Паводле spring96.org

Глядзі таксама
Каментары