Лукашэнка абяцае «пераломны год» для эканомікі


«2012 год мы пражылі спакойна, упэўнена ідучы сваёй дарогаю», – заявіў прэзідэнт у навагоднім звароце да беларускага народу.

«Памятаеце, роўна год таму мы сустракалі яго насцярожана і з бояззю? Але гэта было дарэмна, – зазначыў афіцыйны лідар. – Мы нікога не пераймалі, не капіявалі бяздумна чужых мадэляў, не крыўдзілі іншых і не стваралі праблемаў для нашых суседзяў. Мы нямала перажылі, праз шмат што прайшлі. Але заўсёды – разам, пацвярджаючы непарыўныя духоўныя сувязі ды згуртаванасць адзінай сям’і – беларускай нацыі».

«У 2012 годзе мы нямала зрабілі для развіцця нашай краіны, – мяркуе Лукашэнка. – Сабралі небывалы ўраджай збожжа, сталі касмічнаю дзяржаваю і замахнуліся на будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі, паднялі на новы ўзровень ахову здароўя, адукацыі, адраджалі сусветнавядомыя помнікі культурнай спадчыны. Нашыя студэнты, школьнікі, артысты і нават спартоўцы ўславілі Беларусь сваймі перамогамі на сусветнай арэне».

Галоўнае, на думку кіраўніка Беларусі, было тое, што краіна «стала на 115 тыс. маленькіх грамадзянаў багацейшая, гэта прыкладна на 6,5 тыс. больш, як летась». Лукашэнка назваў дзяцей «асноваю незалежнасці, дабрабыту і росквіту».

«У Год ашчаднасці мы абавязаныя навучыцца берагчы адзін аднаго, не праходзіць міма чужой бяды, быць больш добрымі і ўважлівымі да людзей, які жывуць побач», – заўважыў прэзідэнт.

Лукашэнка заявіў, што новы год стане пераломным для эканомікі: «У нас няма іншага выбару, бо якаснае абнаўленне і паскораная мадэрнізацыя прадпрыемстваў – аснова ўмацавання нашай дзяржаўнасці і росту дабрабыту народу».

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2013-м Беларусь узначаліць СНД: «Старшынёўства нашай краіны пройдзе пад знакам захавання прыроды. Гэта божы дар, і мы мусім навучыцца яго рацыянальна выкарыстоўваць і захаваць для будучых пакаленняў, зрабіць гэтак, каб падараваная лёсам родная зямля была любімым і ўтульным домам для кожнага яе жыхара».

«Прайшоўшы шмат няпростых гістарычных дарог, мы заслужылі сваё права быць шчаслівымі, – паведаміў Лукашэнка. – Мы глядзім у будучыню з упэўненасцю. Мы ведаем, куды ісці і што рабіць. Мы верым у сябе і ў невычэрпныя сілы народу. Мы вельмі багатыя. У нас ёсць мільёны ўмелых рук, таленавітых, разумных і мудрых людзей».

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў