«Белпошта» запрашае «адкрыцца свету»


На афіцыйным сайце беларускай пошты з’явіліся карткі для міжнароднага абмену паштоўкамі – посткросінгу (postсrossing).

Тут можна знайсці апісанне праекту, карысную інфармацыю пра яго і нават запрашэнне далучыцца. Апроч таго, пошта прапаноўвае аматарам міжнароднага абмену сваю прадукцыю. На сайце арганізацыі выкладзена больш за 90 асобных картак і 5 тэматычных набораў – агулам каля 150 розных відаў паштовак. У продажы ёсць і іншыя карткі, не пазначаныя ў он-лайн-каталозе.

Як распавяла «Белсату» кіраўніца ўпраўлення маркетынгу «Белпошты» Наталля Федарэц, ініцыятыва рэкламаваць postсrossing не зыходзіла ад міністэрстваў, не замацоўвалася загадамі – яна паўстала «з нізоў»: «Можна, сказаць, гэта добрая ініцыятыва працаўнікоў «Белпошты». Аднак гэта і наш бізнес: мы выпускаем не толькі карткі для postсrossing’у, але таксама канверты і маркі. А прасоўваць абмен паштоўкамі пачалі, бо на выходных у круглай зале галоўнага паштамту ў нас зазвычай збіраюцца посткросеры-студэнты. Гэткім чынам мы стымулюем моладзь пісаць – і карыстацца з паслугаў пошты».

Яшчэ два гады таму не было вартых матэрыялаў, каб выслаць за мяжу. З усяго, што прапаноўвалі ў аддзяленнях сувязі, для абмену пасавалі толькі стандартныя карткі з краявідамі гарадоў, часта размытыя, ды і тых налічвалася не шмат. Удзельнікі праекту з нашай краіны наракалі на няякасную прадукцыю айчыннае пошты і рабілі карткі самі.

З тых часоў прадукцыя «Белпошты» стала значна больш яскраваю. На сённяшніх картках па-ранейшаму красуюцца краявіды, але цяпер гэта знята з цікавых ракурсаў і ў якасным выкананні. Некаторыя карткі адлюстроўваюць нацыянальныя рамёствы і традыцыі, на шмат якіх фігуруюць прадстаўнікі флоры і фаўны нашай краіны. Адносна нядаўна дадаліся паштоўкі з рэпрадукцыямі вядомых твораў, напрыклад, партрэты Радзівілаў. А яшчэ ёсць цэлы шэраг картак з ілюстрацыямі да казак, якія так і падпісаныя: «для посткросінгу». Бальшыня паштовак мае палітычна нейтральную афарбоўку, аднак на некаторых дамінуюць афіцыйныя дзяржаўныя колеры.

Згодна са звесткамі сістэмы postсrossing’у, Беларусь займае ўжо 8-ае месца паводле колькасці дасланых паштовак: 14,75 тыс. удзельнікаў з нашай краіны адправілі агулам больш за 620 тыс. картак. Напрыканцы ж 2010 года беларусы былі яшчэ толькі на 18-ым месцы. Праект маланкава набывае папулярнасць.

Колькі ж нашыя грамадзяне дасылаюць паштовак агулам і ці змянілася неяк гэтая лічба за апошнія гады, у «Белпошце» адказаць не змаглі. «Мы не лічым адасланых паштовак паштучна, але вымяраем карэспандэнцыю кілаграмамі ды тонамі», – удакладніла прадстаўніца «Белпошты» Наталля Федарэц.

Яна дадала, што карэспандэнцыя ахоплівае не толькі паштоўкі і лісты, але і дробныя пакеты. Таму прасачыць, наколькі папулярнай у XXІ стагоддзі застаецца папяровая картка, практычна нерэальна.

Паўліна Калтавічанка

Стужка навінаў