Пуцін ратыфікаваў газавыя пагадненні з Беларуссю


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення наконт экспарту газу ў Беларусь і цэнах на яго, а таксама пагадненне адносна дзейнасці «Белтрансгазу».

Дакумент вызначае для Беларусі формулу цаны на газ, які экспартуецца для задавальнення ўнутраных патрэбаў на 2013 і наступныя гады. Кошт яго прывязваецца да цаны газу для спажыўцоў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Пагадненне акрэслівае таксама кошты транспартавання газу па газаправодах ААТ «Белтрансгаз» як для ўнутранага спажывання, гэтак і для экспарту за мяжу.

Пуцін ратыфікаваў міжурадавае пагадненне з Беларуссю аб умовах куплі-продажу акцыяў і далейшай дзейнасці «Белтрансгазу», 100 % акцыяў якога цяпер у руках расейскага холдынгу «Газпром».

У пагадненні замацоўваюцца ўмовы і кірункі далейшай дзейнасці «Белтрансгазу»: мадэрнізацыя, рэканструкцыя і развіццё газатранспартавай сістэмы, якая належыць кампаніі; ажыццяўленне прадпрыемствам функцыі выключнага імпарцёра расейскага газу, які экспартуецца ў Беларусь; транспартаванне газу праз тэрыторыю краіны за яе межы і ажыццяўленне функцыі аператара прамежку газаправоду Ямал–Еўропа на тэрыторыі Беларусі.

На гадавым сходзе ў чэрвені акцыянеры «Газпрому» ўхвалілі аб’ём транзіту газу праз Беларусь у 2013-м – да 60 млрд кубаметраў, што на 34,8 % вышэй за аб’ём, планаваны на 2012 год.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў