Аляксандр Мілінкевіч: У нашым доме не будзе дабрабыту, калі ў іншых кепска


«Мы – еўрапейцы, мы з гэтай сям’і, мы з гэтымі традыцыямі, мы з гэтымі каштоўнасцямі. Я веру ў тое, што ў нас атрымаецца». Гэтак палітык павіншаваў беларусаў з Новым годам.{movie}Віншаванне Аляксандра Мілінкевіча з Новым 2013 годам|left|8326{/movie}

«Калі мы кажам, што Новы год – свята сямейнае, то хачу адзначыць: у нас усіх ёсць яшчэ вялікая сям’я – нашая Беларусь. Мы пра гэта нячаста думаем», – заявіў лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч у навагоднім відэазвароце да грамадзянаў.

«Нам здаецца (як, можа, было 200 гадоў таму), што неяк я сам перажыву, пабудую дабрабыт і добрае жыццё ў сваім доме, а іншыя хай думаюць пра сябе. Вось часта нам не хапае гэтай салідарнасці, не хапае таго, каб мы адчувалі, што не будзе ў нашым доме дабрабыту, калі ў іншых кепска», – адзначыў палітык.

У XXI стагоддзі ўсе мы вельмі моцна залежым адзін ад аднаго, падкрэсліў апазіцыянер. Ён пажадаў землякам праўды, справядлівасці і дабрабыту, каб маладыя беларусы не мусілі з’язджаць з радзімы ў пошуках шчасця, а маглі рэалізоўваць сябе на бацькаўшчыне.

Мілінкевіч лічыць неабходным разумець, што «не будзе шчасця за кошт іншых». «Вось неяк там папросім танны газ ці нафту, гэты наркотык нам уратуе жыццё на бліжэйшы час. Ці мы ў другі бок звернемся – і нам дадуць нейкія там тэхналогіі, ды настане ў нас багацце. Не, перш за ўсё гэта ад нас залежыць. Мы павінны разумець, што толькі мы, адказныя грамадзяне нашай рэспублікі, мы, беларусы, можам пабудаваць дастойнае жыццё», – заявіў лідар руху «За свабоду».

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў