Справу аб збіцці вартаўніка міліцыянтамі – спынілі


Скончылася расследаванне інцыдэнту ў Ленінскім РУУСе Менску, калі міліцыянты спрабавалі брутальна выбіць з працаўніка аўтастаянкі, якая месціцца на вуліцы Малініна ў Менску, Васіля Сарочыка, прызнанне ў крадзяжы.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэту ў сталіцы Аляксандра Герасімава, сабраныя доказы не пацвердзілі крымінальна-каральных дзеянняў міліцыянтаў у дачыненні пенсіянера. Працаўнікі міліцыі, паводле Герасімава, толькі парушылі Крымінальна-працэсуальны кодэкс, за што і будуць пакараныя дысцыплінарна.

Пра катаванні Васіля Сарочыка паведаміла праваабарончая інфармацыйна-асветная ўстанова «Платформа». Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Паводле пацярпелага, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі двое працаўнікоў праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не паказваючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіроўвацца ў Ленінскае РУУС. Каля гадзіны Сарочык быў у памяшканні дзяжурнай часткі ўпраўлення, а потым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт ажыццяўляла аператыўная ўпаўнаважаная Ленінскага РУУСу Ж. П. Багданоўская. Паводле Сарочыка, яна надзела на яго кайданкі і пачала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных плітаў, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама дызельнага паліва і акумулятараў з аўтамабіляў.

Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дабіцца прызнання наконт таго, што ён перыядычна абкрадаў кіёскі на рынку «Свелта». Пенсіянер паспрабаваў растлумачыць, што не ведае, пра што вядзецца, але пасля гэтага пабоі толькі ўзмацніліся. Як сцвярджае пацярпелы, яго білі нагамі ды дручкамі па галаве і целе; да збівання перыядычна падключаліся і іншыя працаўнікі РУУСу. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнаю лаянкаю і пагрозамі забойства. Калі састарэлы чалавек траціў прытомнасць, яго аблівалі халоднаю вадою. Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзінаў, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянты не атрымалі.

У выніку працаўнікі міліцыі склалі нейкі дакумент, які пенсіянер падпісаў, калі ўжо быў не ў стане яго прачытаць, і адпусцілі дамоў. У канцы лістапада з’явілася інфармацыя, што на Сарочыка пачаўся ціск з боку міліцыі: яму тэлефанавалі прадстаўнікі Ленінскага РУУСу; на аўтастаянцы, дзе ён працуе, спрабавалі прарвацца некалькі асобаў, якія называлі сябе прадстаўнікамі МУС. Пенсіянер баяўся за сваё жыццё і здароўе, бо, як адзначаў, «міліцыя здольная на ўсё».

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў