Дзень народзінаў на «хіміі»


Да палітвязня Паўла Севярынца на Дзень нараджэння ў спецкамендатуру № 7 на Пружаншчыне завіталі больш за 30 гасцей.

Да палітыка прыехалі сябры і знаёмцы з Менску, Салігорску, Горадні ды Валожына. Госці прывезлі Паўлу не толькі падарункі, але і мангал з шампурамі. Усе разам яны прыгатавалі шашлыкі проста на дварэ. Палітвязень, праўда, не еў мяснога, бо трымае перадкалядны пост, але быў вельмі рады гасцям.

Бацькі адведалі Паўла Севярынца некалькі дзён таму. Яны расказалі сыну, што польская амбасада выслала яму на віцебскі адрас вялікі пакунак.«Вялізная пасылка, вагою пад 19 кг. Тут і для Паўла падарункі, і для ўсёй нашай сям’і да Калядаў. Даслалі садавіну, каву, гарбату, цукеркі, кілбаскі, мяса… І нават елачку маленькую ўклалі. Адмыслова для Паўла даслалі берцы, і кашулю, і шкарпэткі цёплыя, шапку, пальчаткі… Не напісана, хто збіраў гэтую пасылку для нас, але хачу перадаць сваю вялікую сардэчную падзяку! Мы адчулі цеплыню гэтых клапатлівых рук, якія збіралі, укладалі, пакавалі для нас усё гэта…», – распавяла маці палітзняволенага Таццяна Севярынец.

Паводле spring96.org

Стужка навінаў