Міністэрства адукацыі: Даніла Саннікаў застанецца з бабуляю


Афіцыйных дакументаў, якія б гэта пацвердзілі, няма.

Сынам экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і вядомай журналісткі Ірыны Халіп будзе апекавацца бабуля. Пра гэта заявіла кіраўніца аддзелу сацыяльна-педагагічнай працы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Галіна Рудзянкова.

Аднак, як паведаміла “Белсату” бабуля Данілы Люцына Халіп, яна не атрымала афіцыйных папераў, якія б гэта пацвердзілі. Жанчына распавяла, што ўсе неабходныя для апякунства над унукам дакументы яна сабрала, але іх у яе яшчэ не прынялі. “Дай Бог, каб гэта сапраўды адбылося, але ж яны маглі сказаць так, каб проста супакоіць грамадства”, – патлумачыла спадарыня Люцына.

Адметна, што заява чыноўніцы пра апякунства над Данілам Саннікавым прагучала ва ўсіх дзяржаўных медыях і нават у эфіры FM-радыёстанцыяў, спіс навінаў якіх, як вядома, зацвярджаюць у Міністэрстве інфармацыі.

Люцына Халіп таксама паведаміла, што ніякіх звестак ні ад дачкі Ірыны, ні ад ейнага мужа Андрэя Саннікава яны па-ранейшаму не маюць. З 29 снежня адвакаты не могуць убачыцца са сваімі падабароннымі. Запланаваная на сёння сустрэча адваката з імі ў СІЗА КДБ зноўку не адбылася.

Трохгадовым Данілам органы апекі зацікавіліся праз пяць дзён пасля арышту ягоных бацькоў. Цяпер сужэнству пагражае да 15 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня ў Менску. Зацікаўленасць лёсам Данілы з боку органаў апекі чыноўнікі патлумачылі тым, што да іх прыйшоў афіцыйны ліст з КДБ, і Кіраўніцтва адукацыі мусіла на яго адрэагаваць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары