Леанід Заіка: З дапамогаю нафты Пуцін трымае беларусаў на «кароткім павадку»


У Беларусі нафта – палітычны сродак, падкрэсліў эканаміст.{movie}Заіка: Расейская нафта – палітычны сродак |left|8322{/movie}

Расея і Беларусь змаглі дамовіцца наконт будучых паставак нафты, праўда, толькі на тры першыя месяцы будучага года. У першым квартале 2013-га Беларусь атрымае нават больш, чымся прасіла – замест 4,625 млн т ажно 5,025 млн т. Калі такія аб’ёмы захаваюцца на ўвесь год, то Беларусь атрымае на перапрацоўванне 23 млн т. Аднак перамовы ў гэтым пытанні не скончаныя.

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што расейскія ўлады гэткім чынам намагаюцца ўсталяваць кантроль над палітычным працэсам у Беларусі: «Вось мы вам дамо на першы квартал – карыстайцеся. А далей будзем глядзець: будзеце сябе кепска паводзіць – будзем менш нафты даваць. Гэта метад палітычнай і эканамічнай прывязкі».

Эканаміст упэўнены, што беларусам неабходна адмовіцца ад «нафтавай нарказалежнасці» і здабываць грошы інтэлектам, вытворчасцю і арыгінальнымі ідэямі.

Леанід Заіка падкрэсліў, што ў Беларусі на нафце зарабляюць перш за ўсё людзі, якія «круцяцца» вакол Адміністрацыі прэзідэнта. «У Беларусі нафтаю карыстаюцца як палітычным сродкам, каб трымаць людзей на ланцужку, даваць зарабляць ім 500 долараў, каб яны любілі сваё кіраўніцтва», – сказаў адмысловец.

Расейскія нафтавыя субсідыі, на думку знаўцы, сілкуюць улады Беларусі і ёсць апірышчам цяперашняга палітычнага ладу. На думку эканаміста, у выпадку, калі беларусы пачнуць атрымліваць менш, з’явіцца шанец, што людзі нарэшце задумаюцца: хто імі кіруе? «Краіна нарэшце пачне жыць нармальна, а не думаць, як яшчэ дадаць грошай у кішэні нашых палітыкаў, нашага кіраўніцтва, каб усё заставалася па-ранейшаму», – падсумаваў спадар Заіка.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў