Цуд на Каляды: Статкевіч сустрэўся з жонкай у турме


Палітвязень трымаецца цудоўна і вельмі крануты тым падтрыманнем, якое аказваюць яму самыя розныя людзі, расказала жонка асуджанага Марына Адамовіч.

Мікалаю Статкевічу ўрэшце змянілі рэжым утрымання, што і дало яму права на другое спатканне з жонкаю цягам года. Марына Адамовіч, даведаўшыся пра магчымасць сустрэцца з мужам, не чакала ні хвіліны і адразу ж адправілася ў Магілёў, дзе ўтрымліваюць былога кандыдата на прэзідэнта. Сам палітвязень даведаўся пра рашэнне турэмнай камісіі дазволіць яму спатканне толькі ад уласнай жонкі.

«Гэта быў сапраўдны цуд на Каляды, – расказала Марына Адамовіч. – Першая магчымасць спаткання, пра якую я даведалася сёння раніцаю, і праз тры гадзіны была ў Магілёве… Сустрэча працягвалася роўна дзве гадзіны».
Статкевіч прасіў перадаць словы ўдзячнасці тым, хто яго падтрымлівае, а таксама мужным маладым хлопцам, якія цаною сваёй свабоды і здароўя бароняць гонар беларусаў і нашай краіны.

Мікола просіць не забываць пра тых, хто сустракае гэтыя святы за кратамі, перадала жонка. «А яшчэ быў вельмі ўзрадаваны навіною пра шлюб Насты і Змітра, якіх шчыра віншуе і зычыць хуткай сустрэчы на волі. Паводле Міколы, Зміцер – самы годны, шляхетны і мужны чалавек, і ён вельмі рады павіншаваць іх з Настаю», – дадала жанчына.

Яна расказала, што палітвязень па-ранейшаму застаецца ў СІЗА, са «старым» суседам, шмат чытае, займаецца спортам, не скардзіўся на ўмовы ўтрымання. Статкевіч перадаў, што чуў феерверк, які зладзілі ў ягоны гонар ля муроў турмы 19 снежня, і прасіў перадаць падзяку «артылерыстам».

Палітвязень, як і раней, катэгарычна адмаўляе магчымасць любых «прашэнняў».

Паводле statkevich.org

Глядзі таксама
Каментары