Згуляй – і атрымай шляхецтва


У сеціве з’явілася інтэрактыўная гістарычная віктарына, у якой можна выгуляць віртуальны шляхецкі тытул.

Гульня прысвечаная гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага, аб’яднаных супольным лёсам. Аўтарамі праекту выступілі польскі фонд “Rozwiń skrzydła” і распрацоўнікі з фірмы “Imaginalis Games”. У віктарыне выкарыстаныя музычныя кампазіцыі гурта беларускай студэнцкай моладзі з Любліна “Мятліца”.

Гульня даступная ў трох моўных версіях: беларускай, польскай ды англійскай. Узяць удзел у ёй і праверыць свае веды супольнай для беларусаў і палякаў гісторыі можа кожны на інтэрнэт-адрасе http://rp1569.com. Праект зроблены ў флэш-тэхналогіі, каб забяспячыць максімальна магчымую даступнасць.

Мэта гульца – адказаць на максімальную колькасць пытанняў. Чым хутчэй адказваеш, тым больш атрымліваеш умоўных талераў, якія акрэсліваюць вынік. Пасля праходжання кожнага ўзроўню ўдзельнік атрымлівае адзін з атрыбутаў шляхціча. Пасля праходжання ўсіх узроўняў гульцу надаецца дыплом з пацверджаннем шляхецтва.

Опцыя “Найлепшыя вынікі” паказвае актуальны спіс гульцоў, якія сабралі найбольшую колькасць талераў. У гэты спіс удзельнік уключаецца аўтаматычна пасля заканчэння гульні, калі збярэ адпаведную колькасць талераў.

У якасці дадаткаў стваральнікі гульні прапаноўваюць арыгінальныя шпалеры для працоўнага стала, магчымасць спампаваць кампазіцыі гурта “Мятліца”, а таксама азнаёміцца з гістарычнаю даведкаю на тэму адносінаў Польскага Каралеўства і Вялікага княства Літоўскага.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў