Беларускі ўрад вінаваціць Польшчу ў падрыхтоўцы кадраў для перавароту


Газета “Советская Белоруссия” надрукавала “частку рассакрэчаных дакументаў пра падзеі 19 снежня”.

Як паведамляе рэдакцыя, “выкрывальны” артыкул пад назвай “За кулісамі адной змовы” змешчаны на загад Аляксандра Лукашэнкі, які прагучаў на прэсавай канферэнцыі яшчэ 20 снежня. У артыкуле цытуюцца “рассакрэчаныя дакументы”. Найбольш увагі прысвечана грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” і яе лідару Уладзіміру Някляеву.

“Няма ніякіх сумневаў у тым, што да падзеяў 19 снежня прыклалі руку перад усім спецслужбы Польшчы і Нямеччыны, якія спланавалі і арганізавана аформілі ГК КП [грамадзянскую кампанію “Гавары праўду!”], якая паводле задумы павінна была стаць “новай апазіцыйнай сілай”, здольнай змяніць уладу ў краіне. Палігонам для арганізаванага фармавання сілы, здольнай змяніць у Беларусі законную ўладу, стала Польшча. Там былі створаны спецыяльныя трэніровачныя лагеры для “актывістаў”, там рыхтаваўся будучы кіруючы клас, там узгадняліся асноўныя знешнепалітычныя рашэнні з удзелам дыпламатычнага корпусу”, – піша газета.

Пры гэтым сцявярджаецца, што кампанія “Гавары праўду!” разглядалася як “запасны доўгатэрміновы праект” і была арыентаваная не на перамогу ў прэзідэнцкіз выбарах, а на далейшую “змену сітуацыі ў краіне” і ўдзел у парламенцкіх выбарах 2012 г.

“Советская Белоруссия” прыводзіць “факты” сустрэчаў апазіцыйных палітыкаў за мяжой, тонкасцяў фінансавання перадвыбарчай кампаніі Захадам, выказванняў Уладзіміра Някляева ў блізкім атачэнні, перапіскі праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў “Скайпе”.

Узгадваецца і пра Алега Бябеніна, які нібыта атрымаў на фінансаванне сайту “Хартыя’97” 211 тыс. долараў і 6 тыс. еўраў. Рэдакцыя сцвярджае, што Яраслаў Раманчук атрымаў ад 150-200 тыс. долараў на “лакальныя акцыі”, пасля чаго паехаў у Нямеччыну і ЗША па дадатковае фінансаванне.

Дасталося і старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргею Гайдукевічу. Паводле рэдакцыйнай версіі, ён прапанаваў кампаніі “Гавары праўду!” у абмен на 1 млн. долараў зняць на выбарах сваю кандыдатуру і працаваць на Уладзіміра Някляева.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Польшчы і Нямеччыны ў Менску пакуль не каментуюць публікацыю ў газеце “Советская Белоруссия”.

belsat.eu

Стужка навінаў