Расея дае больш нафты. Пакуль – толькі ў першым квартале 2013 года


Але перамовы працягваюцца. Менск змагаецца за большы аб’ём нафты, каб пераадолець валютны дэфіцыт пасля скарачэння экспарту напрыканцы 2012 года і каб выплаціць вялізарныя адсоткі за замежныя крэдыты.

Расея і Беларусь дамовіліся пра павелічэнне ў першым квартале 2013 года планавага аб’ёму імпарту расейскай нафты з 4 млн 625 тыс. т да 5 млн 25 тыс. т. Пра гэта паведамляе агенцтва «Прайм» са спасылкаю на афіцыйнага прадстаўніка прадпрыемства «Транснафта» Ігара Дзёміна. Пры гэтым апошні адзначыў, што рашэнне пра экспарт нафты ў 2013 годзе ў цэлым пакуль не прынятае, перамовы працягваюцца.

21 снежня Лукашэнка заявіў: пагадненне наконт імпарту ў Беларусь у 2013 годзе 23 млн т нафты дасягнутае. Аднак Міністэрства энергетыкі Расеі зняпраўдзіла гэтую інфармацыю, заявіўшы, што вышэйзгаданы дакумент не падпісаны і расейскі бок працягвае прытрымлівацца прапановы наконт імпарту 18,5 млн т. Пры гэтым падкрэслівалася, што экспарт нафты ў першым квартале будуць ажыццяўляць, зыходзячы з прапанаванага аб’ёму.

Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч паведамляў раней, што аб’ёмы экспарту нафты абмяркоўваюцца ў звязку з пераадоленнем праблемы экспарту разбаўляльнікаў беларускім бокам. Расея неаднаразова выказвала занепакоенасць з таго, што Беларусь магла экспартаваць пад выглядам разбаўляльнікаў нафтапрадукты, каб не плаціць мыта ў бюджэт Расеі. Лукашэнка са свайго боку заяўляў, што пытанне экспарту разбаўляльнікаў не перашкаджае падпісанню нафтавага балансу на 2013 год.

Кіраўнік Беларусі адзначаў, што, калі раней Расея адмовіла ў экспарце патрэбных аб’ёмаў нафты, Беларусь пачала набываць нафту ў Венесуэле, Азербайджане. Паводле Лукашэнкі, гэткая сітуацыя была менш прыбытковаю: краіна атрымлівала не $ 55 з тоны, як пры пераапрацоўванні расейскай нафты, а $ 40–45 , напрыклад, ад венесуэльскай нафты.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў