Партнёрка Лукашэнкі ў тэнісе наведала будыйскіх манахаў (фота)


Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка напярэдадні дабрачыннага матчу ў Тайландзе з кітаянкаю На Лі наведала будыйскіх манахаў і паўдзельнічала ў паказе моды.

Вікторыя Азаранка займае першы радок рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Паводле версіі польскага інфармацыйнага агенцтва PAP, яна на 13-ым месцы сярод найлепшых спартоўцаў планеты 2012 года.

Тэнісістка вядомая добрымі адносінамі з Аляксандрам Лукашэнкам, які, на думку назіральнікаў, выкарыстоўвае зорку ў прапагандысцкіх мэтах. Неаднаразова яны абменьваліся падарункамі: Азаранка тройчы даравала Лукашэнку свае ракеткі, той жа, у сваю чаргу, прэзентаваў спартоўцы корцік, калекцыйныя манеты Нацбанку і ўласную хакейную клюшку.

У 2010 годзе падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Азаранка разам са сваёй партнёркаю ў парным разрадзе Каралінаю Вазняцкі (Caroline Wozniacki) згулялі паказальны матч у менскім Палацы тэнісу, дзе на трыбуне з’явіўся сам Лукашэнка. Пасля двубою з Вазняцкі тэнісістка запрасіла яго на корт – згуляць. На трыбунах пляскалі ў ладкі, а кіраўнік Беларусі намагаўся спрытна адбіваць мячы.

У выніку, падчас сёлетняга ўручэння Вікторыі за спартовыя заслугі ордэна Айчыны ІІІ ступені Лукашэнка нават павучыў чэмпіёнку, як трэба перамагаць. «Галоўнае табе – не саступаць першага сэту і навучыцца адбіваць моцныя падачы», – заявіў прэзідэнт Беларусі на цырымоніі ўзнагароджання.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў