Дырэктар «Белсату»: Няпраўда, што шмат якія краіны хочуць дапамагчы Беларусі


Агнешка Рамашэўская-Гузы адказала на пытанні слухачоў радыё «Свабода».

У сваім інтэрв’ю кіраўніца незалежнага тэлеканалу зазначыла, што Беларусь не ёсць прыярытэтам у палітыцы Еўразвязу. Еўрапейскім краінам не стае таксама досведу падтрымання дэмакратыі ў аўтарытарных краінах: «Такі досвед у свой час мелі Злучаныя Штаты, але Еўропе яго бракуе. Праекты – такія, як «Белсат», – часта становяцца ахвярамі ціхай дыпламатыі інтарэсаў ці “realpolitik”».

Спадарыня Рамашэўская-Гузы ўпэўненая, што без фінансавай дапамогі польскага боку тэлеканал чакалі б неверагодныя цяжкасці. Бо было б памылкаю думаць, што шмат якія краіны вельмі хочуць дапамагчы Беларусі і незалежнаму каналу «Белсату». «Больш за тое. Я не пачула ані ў афіцыйных, ані нават у неафіцыйных размовах намёкаў на тое, што калі б я сышла з пасады дырэктара, то нехта павялічыў бы фінансаванне «Белсату». Наадварот, большую частку бюджэту я здабывала асабіста», – падкрэсліла дырэктар тэлеканалу.

Змены на «Белсаце»

У адказ гледачам, устурбаваным з прычыны скарачэння часу трансляцыі «Белсату», кіраўніца незалежнага тэлебачання паведаміла, што з 3-га студзеня тэлеканал плануе вярнуцца да поўнага аб’ёму трансляцыі, хоць надалей няма пэўнасці, што сродкаў хопіць на ўвесь год: «Цяпер працуем над тым, каб пашырыць працягласць он-лайнавай трансляцыі. Будзем таксама спрашчаць прагляд і пампаванне нашых “праграмаў на запыт”».

У наступным годзе «Белсат» плануе таксама стварыць 14 новых дакументальных фільмаў з цыклу «Невядомая Беларусь» і шэраг рэпартажаў у межах праекту «Без рэтушы». Ужо на пачатку студзеня тэлеканал прэзентуе гледачам фільм «Вясна» пра Алеся Бяляцкага. Пашырыцца доступ да прагляду праграмаў праз інтэрнэт, а таксама плануецца пераход з тэхналогіі «Silverlight» на HTML5, што зробіць інтэрнэт-прагляд больш зручным.

Дзяніс Багдановіч

Глядзі таксама
Каментары