Зянон Пазняк: «Апазіцыя» мусіць знікнуць. Беларусі патрэбны «вызвольны рух»


Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк не бачыць нацыянальнай ідэі ў сучасных апанентаў уладаў і заклікае думаць “па-новаму, не па-саўковаму, але па-свойму, па-беларуску”. Пра гэта ён заявіў у артыкуле на сваёй старонцы.

Паводле Пазняка, пасля 19 снежня 2010 г. медыі замест таго, каб асвятляць правакацыі ля Дому ўраду і “бязглуздыя паводзіны кандыдатаў”, пераключыліся на асвятленне пакутаў палітвязняў.

“У цэлым усе размовы і дзеянні “апазіцыі” такога роду (як тады, так і цяпер) маюць не шмат сэнсу, бо тут адсутнічае рэальная нацыянальная барацьба, адэкватныя задачы барацьбы і, адпаведна, – нацыянальная сіла, якая магла б такую барацьбу паслядоўна ажыццяўляць”, – лічыць ён.

Паводле Пазняка, “пры акупацыйным рэжыме і акупацыйнай дыктатуры, якая праводзіць антынацыянальную акупацыйную палітыку, не можа існаваць апазіцыі (у дэмакратычным значэнні гэтага паняцця)”. У гэтых умовах лідар КХП БНФ бачыць магчымасць барацьбы з уладамі “ў формах супраціву, вызвольнага руху ці нават партызанскай паўстанцкай барацьбы”. Аднак для сённяшняй апазіцыі месца ў гэтым змаганні Пазняк не бачыць.

Пазняк нагадаў, што ў 1997 г. ім “было прапанаванае стварэнне Беларускага вызвольнага руху на базе БНФ, які меўся аб’яднаць усе антырэжымныя беларускія сілы пад бел-чырвона-белым сцягам нацыянальнай ідэі ды вызвалення з-пад акупацыйнай антыбеларускай улады”.

Рэшта апазіцыі, на меркаванне палітыка, створаная “ў адказ на нашую перспектыву стварэння салідарнай нацыянальнай альтэрнатывы рэжыму”.

“У Беларусь былі ўкінутыя шалёныя заходнія грошы на ўтварэнне па-за-нацыянальнай апазіцыі – створаны міжнародны рэсурсны цэнтр “Хартыя-97” (праз які пайшло фінансаванне), і ў Беларусь прыслалі Ганса Віка. Далейшыя падзеі шматкроць і поўна былі ўжо намі апісаныя і паўтораныя. Грошы і заходняя “халява” (дармаўшчына) зрабілі сваю справу”, – піша Пазняк.

Старшыня КХП БНФ наўпрост кажа, што і кампанія “Гавары праўду!” ёсць “канторскім праектам”. Прыкметамі супрацы з КДБ ён лічыць адмову ад байкоту ў парламенцкіх выбарах і падтрыманне Ігара Кузняцова ў канфлікце з КХП БНФ вакол урочышча Курапаты.

Напрыканцы артыкулу Зянон Пазняк заклікае яднацца вакол нацыянальнага адраджэнскага руху: “Гуртуймася і працуйма. Нішто не прападзе. Беларусь наперадзе”.

belsat.eu

Стужка навінаў