Старшыня расейскіх прафсаюзаў параўнаў Беларусь з М’янмаю


Міхаіл Шмакаў заклікаў Аляксандра Лукашэнку адмяніць дэкрэт № 9, які робіць больш жорсткім працоўнае права для работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Тэкст звароту размешчаны на сайце Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі.

Старшыня федэрацыі выказаў шкадаванне, што патрабаванні кіраўніка Беларусі “нагадваюць дзеянні ўладаў М’янмы (Бірмы), якія зазналі рэзкую крытыку з боку Міжнароднай арганізацыі працы і ўсёй сусветнай супольнасці”. Шмакаў нагадаў, што сітуацыя з М’янмаю вырашылася праз эканамічныя санкцыі, “якія прывялі да эканамічнага спаду і палітычнай ізаляцыі краіны”.

Са словаў Шмакава, палажэнні дэкрэту № 9 “не адпавядаюць міжнародна-прававым нормам, парушаюць правы чалавека, дыскрымінуюць працаўнікоў у сферы працоўных дачыненняў і ствараюць прэцэдэнт увядзення ў краіне прымусовай працы”.

Лукашэнку варта знайсці “іншыя спосабы павышэння эфектыўнасці вытворчасці ў дрэваапрацоўчай прамысловасці без парушэння асноватворных працоўных дачыненняў”, – лічыць прафсаюзны лідар.

“Чалавецтва даўно мінула стадыю рабаўладання і прыгоннага права, – піша Шмакаў. – У аснове дзейнасці наёмнага працаўніка мае быць не прымус, а эканамічны інтарэс, які прадугледжвае годную аплату працы”.

Нагадаем, згодна з дэкрэтам № 9 усе працаўнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў мусяць быць пераведзеныя на кантрактную форму найму. Датэрміновае скасаванне кантрактаў у перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы працаўнікоў дазваляецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка скасаваць кантракт можа быць абскарджаная ў старшыні абласнога (Менскага гарадскога) выканкаму. У выпадку парушэння работнікамі працоўных абавязкаў і звальнення яны мусяць вярнуць грашовыя выплаты, якія будуць налічвацца ім дадаткова да заробку.

Дэкрэт зазнаў рэзкую крытыку з боку незалежных прафсаюзаў і апазіцыі, якія заявілі, што ён парушае нормы беларускага і міжнароднага права.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары