У справе Андрэя Гайдукова з’явіўся яшчэ адзін падазраваны


Сябра першага падазраванага ў здрадзе дзяржавы Ілля Багданаў перайшоў са сведак у разрад падазраваных.

Багданава схапілі разам з Гайдуковым яшчэ 8 лістапада, але пасля візіту ў СІЗА КДБ яго адпусцілі. Учора яго вызвалі на допыт у КДБ. Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс-Захад, пасля чатырохгадзіннага допыту следчыя прыйшлі да высновы, што Гайдукоў выдаваў дзяржаўныя таямніцы не адзін.

“Следчы задаваў удакладняльныя пытанні ў справе. Нашыя з Андрэем Гайдуковым паказанні разыходзяцца, таму праводзяць дадатковае расследаванне. У сувязі з гэтым мяне з катэгорыі сведак перавялі ў падазраваныя, але захады стрымання вырашылі не мяняць. На 9 студзеня ў мяне позва на чарговы допыт, а ў перспектыве, наколькі разумею, вочная стаўка”, – кажа актывіст наваполацкага “Саюзу маладых інтэлектуалаў”.

Нагадаем, што ўчора Андрэй Гайдукоў пераведзены з віцебскага СІЗА ў Менск. Пра гэта не паведамілі ні сваякам, ні нават адвакату.

11 лістапада Гайдукоў быў пераведзены з Віцебску ў СІЗА КДБ у Менску, а 29 лістапада – назад у абласны цэнтр.

Намеснік старшыні “Саюзу маладых інтэлектуалаў” 23-гадовы Андрэй Гайдукоў быў затрыманы працаўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада “ў момант закладання тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы”. На Гайдукова распачалі справу паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Паводле гэтага артыкулу яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

belsat.eu

Стужка навінаў