Беларускія апазіцыянеры заклікаюць польскія ўлады да салідарнасці.


У чацвер 13.01.2011 адбылася канферэнцыя “Ваеннае становішча ў Беларусі? Як гэта здарылася і што будзе далей?” Яе арганізатарамі выступілі Тэлеканал “Белсат”, Радыё “Рацыя”, Фундацыя “Свабода і дэмакратыя”, а таксама “Студыюм Усходняй Еўропы” Варшаўскага Універсітэту.   

Найважнейшым пунктам канферэнцыі было падпісанне беларускімі дэмакратычнымі палітыкамі закліку да ўладаў Рэспублікі Польшча. Апазіцыянеры заклікаюць польскія ўлады аказаць салідарнасьць і выкарыстаць “усе даступныя меры, прадугледжаныя міжнародным правам, у тым ліку дыпламатычныя, палітычныя і эканамічныя санкцыі”, каб прымусіць беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітычных зняволеных.

Зварот падпісалі, у прыватнасці, Аляксандр Мілінкевіч, лідэр “Руху за свабоду”, Зміцер Бародка, “Еўрапейская Беларусь”, Валеры Ухналёў, намеснік старшыні партыі “Справядлівы свет”, Міхаіл Чыгір, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Аляксей Янукевіч, лідэр Партыі БНФ, Артур Фінькевіч, “Маладая Беларусь”, Юлія Бандарэнка (дачка палітвязня Змітра Бандарэнкі, “Еўрапейская Беларусь”), Дар’я Корсак (жонка палітвязня Аляксандра Атрошчанкава, “Еўрапейская Беларусь”).

Прадстаўнікі арганізатараў канферэнцыі: Тэлебачання “Белсат”, Радыё “Рацыя”, Фундацыі “Свабода і дэмакратыя”, а таксама “Студыюму Усходняй Еўропы” Варшаўскага Універсітэту (які каардынуе стыпендыйную праграму імя К. Каліноўскага для беларусаў, выдаленых за апазіцыйную дзейнасць з беларускіх ВНУ) заявілі пра сваё падтрыманне заснавання і дзейнасці Офісу Салідарнасці для Беларусі, які будзе служыць інфармацыяю і дапамогаю. Пра стварэнне офісу заявіў у аўторак міністр Радаслаў Сікорскі на сумесным паседжанні камісіяў па замежных справах Сейму і Сенату.

Канферэнцыю адкрыў маршалэк Сейму Гжэгаж Схетына, які ў сваёй прамове падкрэсліў, што ў польскім парламенце па беларускім пытанні пануе кансенсус сярод усіх палітычных сілаў. Палітык задэклараваў падтрымку беларускаму грамадству. Ён выказаў асаблівую падзяку сродкам масавай інфармацыі, перадачы якіх транслююцца з Польшчы на Беларусь, — тэлеканалу “Белсат” і Радыё “Рацыя”.

Адбыліся таксама дыскусіі. У першай з іх прынялі ўдзел прадстаўнікі сем’яў рэпрэсаваных асоб. На ёй быў прачытаны эмацыйны ліст Міланы Міхалевіч — жонкі арыштаванага кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Яна не змагла асабіста ўдзельнічаць у канферэнцыі, паколькі па дарозе ў Варшаву была затрымана міліцыяю. Напярэдадні выезду да яе пазваніў з турмы муж, які сказаў, што яны змогуць кантактавацца, калі жонка адмовіца ад паездкі. Аналагічны лёс напаткаў і іншую удзельніцу дыскусіі, Тацяну Севярынец, маці затрыманага палітыка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, якой пашпарт затрымала КДБ.

Удзельнікі дыскусіі, у тым ліку прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партый, запатрабавалі вострай рэакцыі Захаду ў пытанні вызвалення палітычных вязняў. У сустрэчы прынялі ўдзел, сярод іншых, Аляксандр Мілінкевіч з “Руху за свабоду”, Зміцер Бародка з “Еўрапейскай Беларусі”, Валеры Ухналёў з партыі “Справядлівы свет”, Міхаіл Чыгір з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Удзельнікі прадставілі розныя погляды на тое, якой яны бачаць рэакцыю Еўропы. Рашучым прыхільнікам эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму быў Зміцер Бародка, на неэфектыўнасць санкцый звяртаў увагу Міхаіл Чыгір. Усе ўдзельнікі згодна ўхвалялі абмежаванне на ўезд у ЕЗ прадстаўнікам беларускіх уладаў. Прадстаўнік арганізацыі “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч заклікаў ЕЗ увесці візавыя санкцыі, як мінімум для некалькіх сотняў людзей, заангажаваных у фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіі.

Стужка навінаў