КДБ з новымі сіламі ўзяўся за справу «здрады дзяржаве»?


У Менск з Віцебску перавялі абвінавачанага ў шпіянажы Андрэя Гайдукова. У КДБ быў выкліканы таксама другі фігурант гэтай справы – Ілля Багданаў.

Паводле сябра Гайдукова, лідара незарэгістраванага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўгена Канстанцінава, родныя абвінавачанага даведаліся аб пераводзе сына ў Менск толькі вечарам 26 снежня.

«Аб пераводзе не паведамілі нават адвакату. Адвакатка пайшла на сустрэчу з Гайдуковым вечарам 26 снежня, і толькі тады ёй паведамілі, што яшчэ 22 снежня яго перавялі назад у Менск», – заявіў Канстанцінаў.

27 снежня на допыт у віцебскае ўпраўленне КДБ прыбыў сябар затрыманага Ілля Багданаў, які таксама праходзіць па справе «здрады дзяржаве». Багданава схапілі разам з Гайдуковым яшчэ 8 лістапада, але пасля візіту ў СІЗА КДБ яго адпусцілі. Багданаў даў падпіску аб неразгалошванні, таму не можа паведаміць дэталяў справы. Аднак ён распавёў, што падчас допыту яму паказвалі доказы супраць Гайдукова.

«Доказы не пісьмовыя, але там усё вельмі сур’ёзна», – паведаміў тады Багданаў пасля размовы з працаўнікамі спецслужбаў.

Намеснік старшыні «Саюзу маладых інтэлектуалаў», 23-гадовы Андрэй Гайдукоў, быў затрыманы працаўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада «ў момант закладання тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы». На Гайдукова распачалі справу паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Паводле гэтага артыкулу яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

11 лістапада Гайдукоў быў пераведзены з Віцебску ў СІЗА КДБ у Менску, а 29 лістапада – назад у абласны цэнтр.

Максім Ярашэвіч, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары